салярка

1440 літраў калгаснай саляркі знайшлі ў Горках у руплівага гаспадара

У Горацкім раёне крымінальны вышук разам з патрульна-паставой службай РАУС выйшаў на 56-гадовага мясцовага жыхара, які купляў афарбаванае дызельнае паліва ў работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Канфіскавалі 1440 літраў, ацанілі ў 3456 рублёў. Гаручае мужчына трымаў для патрэб асабістай падсобнай гаспадаркі.

Пералічыць лёгка: 2 рублі 40 капеек за літр. На запраўцы дызельнае паліва з 5 жніўня каштуе 2 рублі 70 капеек. Колькі пакупнік плаціў работнікам насамрэч, у паведамленні не сказана, але наўрад ці больш – інакш у здзелцы не было б сэнсу.

Пакупнік апісаны падрабязна: узрост, раён, што збіраўся рабіць з палівам, колькі літраў, на якую суму. Прадаўцы – «работнікі аграпрамысловага комплексу». Ні колькасці, ні гаспадарак, ні таго, што з імі цяпер будзе. Салярку тым часам зліваў не пакупнік.

Ва УУС падкрэсліваюць, што падчас жніва галоўная задача органаў унутраных спраў – захаванасць калгаснай маёмасці і тэхнікі, а прыярытэт аддаецца прафілактыцы.

Прафілактыка ў гэтым выпадку выглядае так: да чалавека з каністрамі ў двары выехалі адразу дзве службы, канфіскацыю знялі на відэа, і справаздача атрымалася з круглымі лічбамі.

З гэтага складаецца ўся канструкцыя, і трымаецца яна не на парадку.

Міліцыянераў у раёнах шмат, экстрэмістаў амаль няма, а паказчык за жніво патрэбны кожнаму.

І пакупнік саляркі для асабістага агарода – самы даступны паказчык, які можна ўзяць за змену. Крадуць жа тыя, каму ў гаспадарцы амаль не плацяць: паліва даўно стала другім заробкам, толькі натуральным. А над імі сядзяць начальнікі, для якіх падначалены з каністрай не падначалены, а канкурэнт у злодзейскай справе.

Дарэчы, у той жа дзень, 3 жніўня, Следчы камітэт справаздачыўся пра завяршэнне справы «ліфцёра»: серыйнага забойцу з Магілёва шукалі дваццаць сем гадоў.

Пакупніка саляркі арлы Кубракова знайшлі імгненна. Розніца тут не ў руплівасці – проста каністра стаіць у двары, а маньяк хаваецца.

Фота БелТА.

← Усе навіны Магілёва