У прадстаўніцтве Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску змяніўся кіраўнік. 14 ліпеня калектыву прадставілі 52-гадовага Сяргея Налівайку.
Ураджэнец Бабруйска Налівайка, пачынаў у бабруйскай падатковай інспекцыі, у 2003–2005 гадах працаваў у адміністрацыі Ленінскага раёна Бабруйска, а з 2005 па 2010 узначальваў інспекцыю МПЗ па Кастрычніцкім раёне Магілёва.
Далей быў Мінск: першы намеснік міністра па падатках і зборах, а са снежня 2014 – міністр, амаль дзесяць гадоў.
У вобласць яго вярнулі ў снежні 2024 года – памочнікам Лукашэнкі, інспектарам. Журналістам ён тады патлумачыў, што ў кожнага раёна ёсць свая разынка, і задача памочніка – гэтую разынку знайсці і раскрыць патэнцыял.
Шукаў паўтара года. 7 ліпеня Лукашэнка сабраў нараду па асобных пытаннях развіцця Магілёўскай вобласці. Абмяркоўвалі лёс двух холдынгаў упраўлення справамі, а таксама ўзбуйненне Дрыбінскага раёна.
На наступны дзень пайшлі кадравыя рашэнні. Памочнікам па Магілёўскай вобласці прызначылі пенсіянерку Надзею Каткавец.
За права ўладкавацца перад пенсіяй у саюзную структуру змагаюцца многія адстаўныя чыноўнікі. Зарплаты тут ідуць па расійскіх стаўках, нашмат вышэй за беларускія, а працаваць увогуле не трэба.
Саюзная дзяржава – аналаг Чароўнай Краіны Оз, дзе ролю прынцэсы Озмы выконвае Масква, якая прымае ўсе рашэнні.
Справядлівасці дзеля варта адзначыць, што ў Еўрасаюзе чыноўнікі дакладна гэтак жа змагаюцца за месца ў Еўрапарламенце – з тым жа разлікам на заробак, а потым і на высокую пенсію, але Еўрапарламент – не фантом.
«Кадры вырашаюць усё» – гэтую фразу ў сакавіку заклінаннем паўтаралі на семінары ў Магілёве, дзе Налівайка сядзеў у зале.
У ліпені кадрам, якога вырашылі, аказаўся ён сам. Разынку ў раёнах Магілёўшчыны памочнік дзеда за паўтара года так і не знайшоў. Затое знайшоў месца, дзе яе шукаць не патрабуецца.
Фота з адкрытых крыніц.
