Пра тое, што Расія адкрые ў Магілёве аддзяленне свайго пасольства, абвясцілі 9 чэрвеня – пасля сустрэчы старшыні аблвыканкама Анатоля Ісачанкі з саветнікам-пасланнікам пасольства Уладзімірам Ваньке.
Пад магілёўскае аддзяленне аддалі камяніцу за ратушай, на вуліцы Ленінскай, 5а, дзе восем гадоў збіраліся размяшчаць фонды і экспазіцыю Музея гісторыі Магілёва.
Там ужо ідзе рамонт за кошт гарадскога бюджэту, а з праектнай дакументацыі музейныя функцыі зніклі.
Кіраўніком новага аддзялення прызначаны Уладзіслаў Дайнега. Ураджэнец Луганшчыны ён калісьці паступіў у горна-металургічны інстытут, адвучыўся тры курсы і сышоў – вышэйшай адукацыі ў дыпламата няма.
Тады ж з’явілася спецыяльнасць, якая тлумачыць усё астатняе: Дайнега працаваў сістэмным адміністратарам адзінай інфармацыйна-аналітычнай сістэмы «Выборы» на ўкраінскіх кампаніях 2002, 2004 і 2006 гадоў.
У сакавіку 2014 года ён збіраў у Алчэўску сепаратысцкія мітынгі, удзельнічаў у захопах Луганскай абласной адміністрацыі і ўпраўлення СБУ, рыхтаваў спісы для «рэферэндуму».
У маі асабіста разносіў лісты з забаронай праводзіць выбары прэзідэнта Украіны – пасля чаго з акруговай выбарчай камісіі №110 зніклі ўся дакументацыя і тэхніка. Спецыяліст па сістэме «Выборы» ведаў, што менавіта трэба вынесці.
Далей – Мінск. З 2014 па 2022 год Дайнега прадстаўляў ЛНР у трохбаковай кантактнай групе, гэта значыць рэгулярна прылятаў у беларускую сталіцу дамаўляцца ад імя непрызнанай рэспублікі.
У 2020 годзе ўкраінскі бок паказаў на перамовах фотакопіі яго расійскага пашпарта, унутранага і замежнага. З верасня 2017 па лістапад 2022 Дайнега лічыўся «міністрам замежных спраў» ЛНР, а калі гэта міністэрства ліквідавалі, стаў прадстаўніком МЗС Расіі ў Луганску.
У Магілёў ён прыязджае ўжо кадравым расійскім дыпламатам.
Уладзіслаў Дайнега пад санкцыямі Еўрасаюза, ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Швейцарыі і Японіі. Ва Украіне супраць яго распачата крымінальная справа.
Восем гадоў запар гэты чалавек займаўся роўна адным – тлумачыў, чаму кавалак чужой краіны больш не чужая краіна.
Цяпер яму даюць кабінет у доме кушнерскага цэха, у двухстах метрах ад магілёўскай ратушы, з муралам, у якім ёсць Пагоня – сімвал незалежнасці Беларусі.
Такім чынам аддзяленне пасольства Расіі ў Магілёве ўзначаліць спецыяліст па легалізацыі акупаваных тэрыторый.
Фота з адкрытых крыніц.
