Круглае заасад

У Круглым адкрылі заасад для дзяцей – і не абышлося без грамат для дарослых

У цэнтральным парку Круглага адкрылі міні-заасад. Дзецям абяцалі птушак, козачак, чарапах, гульні і салодкія пачастункі. Але паколькі проста парадаваць дзяцей, відаць, было недастаткова ўрачыста, свята дапоўнілі правераным атрыбутам афіцыйных мерапрыемстваў – уручэннем грамат і падзяк.

Як паведамляе раённы партал «Круглае NEWS», гасцей чакалі «прычудлівыя птушкі і звяркі», гульні, забавы, роставыя лялькі і пачастункі. У заасадзе цяпер жывуць цэсаркі, паўліны, фазаны, чарапахі, дэкаратыўныя куры і козачкі.

Але паміж дзіцячымі ўсмешкамі і знаёмствам з жывёламі знайшлося месца для сур’ёзнай дарослай часткі. Старшыня Круглянскага райвыканкама Іван Багель уручыў падзячныя лісты работнікам сельгаспрадпрыемстваў раёна і Круглянскай ПМК №266. Пасля эстафету ўзнагароджання пераняў старшыня райсавета дэпутатаў Міраслаў Арсоба: пайшлі ганаровыя граматы і чарговая серыя падзяк кіраўнікам і работнікам мясцовых арганізацый.

грамата

Так што адкрыццё атрымалася на любы ўзрост. Дзецям – козачкі, паўліны і цукеркі. Дарослым – граматы. А тым, каму пашанцавала проста прыйсці паглядзець на жывёл, – яшчэ і цырымонія ўзнагароджання ў якасці культурнай праграмы, ад якой немагчыма адмовіцца.

Сам міні-заасад пасля ўрачыстасцяў пачаў працаваць штодня. І, мяркуючы па праграме адкрыцця, цяпер наведвальнікам застанецца самае складанае – атрымліваць асалоду ад жывёл ужо без абавязковай афіцыйнай часткі.

Фота: krugloe.by

← Усе навіны Магілёва