Дваццаць першага жніўня старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка правёў асабісты прыём грамадзян у Касцюковічах.
Больш за ўсё зваротаў прыпала на жыллёва-камунальную сферу. Жыхарка Клімавіч паскардзілася на холад у кватэры: дом пабудаваны больш за пяцьдзясят гадоў таму, тэмпературны рэжым у ацяпляльны сезон не выконваецца, спецыялісты раяць прамыць сістэму ацяплення, але аплачваць работы павінны самі ўласнікі, а згодныя не ўсе. Ісачанка ўзяў пытанне на кантроль.
Прыём ішоў у Касцюковічах, і прыкладна за кіламетр ад райвыканкама стаіць будынак, дзе пытанне холаду гэтай зімой выглядала інакш. Трынаццатага студзеня ў касцюковіцкім філіяле ААТ «Булачна-кандытарская кампанія «Дамачай» датчык у працоўным памяшканні паказаў плюс шэсць і дзевяць дзясятых градуса. Гэта было яшчэ да вадохрышчанскіх маразоў.

Розніца паміж клімавіцкай кватэрай і касцюковіцкім цэхам невялікая: і там, і там зімой холадна, і ў абодвух выпадках вінаватая сістэма ацяплення, якую няма каму рамантаваць.
Розніца ў тым, што пра кватэру прыйшла і расказала гаспадыня, а пра цэх расказаць пад сваім імем нельга. Здымак датчыка прыйшоў ананімна, і інакш прыйсці ён не мог: у краіне судзяць за лайкі і рэпосты. Тэрмометр у цэху – гэта факт, а не меркаванне, але з ім да Ісачанкі не пойдзеш. “Губернатар” прыме і з’едзе, а працу можна страціць.
Фота “Магілёўскія ведамасці”, mogilev.media
