Магілёўскі журналіст-палітвязень Яўген Глушкоў быў шпіталізаваны з сур’ёзнай хваробай адразу пасля выхаду на волю.
У 57-гадовага відэааператара – трафічная язва нагі. Паводле крыніцы, праблемы са здароўем абвастрыліся яшчэ за кратамі, бо перад вызваленнем ён таксама знаходзіўся ў бальніцы.
Глушкова затрымалі 5 студзеня 2024 года. Спачатку яго ўтрымлівалі ў магілёўскай турме №4, пазней перавялі ў бабруйскую калонію №2.
Яўгена абвінавацілі ў стварэнні «экстрэмісцкага фарміравання» альбо ўдзеле ў ім, а таксама паводле артыкула аб удзеле ва ўзброеным фарміраванні ці канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы.
31 ліпеня Яўгену Глушкову прысудзілі тры гады пазбаўлення волі. Разам з ім па тых жа артыкулах судзілі яшчэ аднаго магілёўскага журналіста Аляксандра Сабалеўскага. Яму прызначылі чатыры гады зняволення.
Пасля вызвалення Глушкова ў беларускіх турмах і калоніях застаюцца не менш за 20 супрацоўнікаў незалежных СМІ.
Фота з сацыяльных сетак
