Выдвараны з Беларусі палітвязень Сяргей Іванцоў распавёў пра рэаліі калоній №17 у Шклове і №15 у Магілёве, дзе яму прыйшлося адбываць пакаранне.
Псіхолага і дырэктара агенцтва “Дэ візу” Сяргея Іванцова затрымалі 10 красавіка 2023 года. За каментар у бот тг-канала “Беларусь галаўнога мозгу” яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. І ўжо 31 траўня 2023 года асудзілі на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму.
Часам вязні горш за вертухаяў
Пасля апеляцыі Сяргея этапавалі ў шклоўскую калонію №17, якая мае рэпутацыю адной з самых жорсткіх у Беларусі. Сам былы палітвязень у інтэрв’ю Праваабарончаму цэнтру “Вясна” называе яе «рабскай плантацыяй», куды накіроўваюць перадусім маладых і фізічна здаровых мужчын.
Аднак, паводле Сяргея, значную частку праблем у калоніі стварае не толькі адміністрацыя, але і самі вязні – праз зайздрасць, канфлікты і даносы. «З чатырох месяцаў там я ў атрадзе прабыў толькі 25 дзён, астатні час – або ў ШІЗА, або ў шпіталі. Наогул, трэба разумець: 80 адсоткаў праблем у турме прычыняюць другія вязні, а не мянты. Спрэчкі, зайздрасць, асабістыя рахункі. Прадуманыя “казлы”, тыя, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй, проста выкарыстоўваюць мянтуру як інструмент для сваіх мэт», – распавёў былы палітвязень.
Менавіта пасля даносу Сяргей трапіў пад асаблівы ціск. У размове з іншымі вязнямі ён сказаў, што не змяніў сваіх поглядаў пасля 2020 года, узгадаў Паўла Севярынца і заўважыў, што «крытая» турма можа быць нават лепшай за ўмовы ў Шклове. Нехта перадаў гэтыя словы адміністрацыі.
“Раніцай мяне выклікаюць у штаб. Начальнік калоніі Карніенка кажа: “Чытай!”. А там напісана: пераследуе ідэалы 2020 года, кумір Павел Севярынец, хоча паехаць на крытую турму. Карніенка як стаў крычаць, мацюкацца: “Да ты ў пеўніі пойдзеш!”. У мяне было такое адчуванне, што па мне нейкае дзярмо сцякае. Але ў гэты момант я адчуў, што я вышэй за яго. Гэта ніжэй маёй чалавечай годнасці з ім наогул размаўляць”, – успамінае былы сядзелец.
У выніку Сяргею прызначылі чатыры месяцы ПКТ, а за адмову працаваць – яшчэ дзесяць сутак ШІЗА. Агулам у ізалятары ён правёў без перапынку 20 сутак. Ужо ішоў снег, але цёплая бялізна была забароненая, фрамуга заставалася адчыненай, а ў сярэдзіне снежня адключылі ацяпленне.
Сяргей кажа, што ў нейкі момант ад роспачы пачаў чуць голас, падобны да голасу памерлага дзядулі: «Ён мяне супакойваў, і я падумаў: “Калі нехта са мной размаўляе, значыць, я патрэбен гэтаму свету”. Так я і выжыў там».
Сапраўдным выратаваннем сталі паездкі ў рэспубліканскую бальніцу для зняволеных, а адтуль – у звычайную мінскую бальніцу на платныя працэдуры. Іх аплачвалі бацькі Сяргея. Канвой патрабаваў, каб родныя адыходзілі і не глядзелі на зняволенага. Але менавіта падчас гэтых паездак Сяргей здолеў здалёк убачыць сваю дачку і ўпершыню пачуць, як яна размаўляе.
У Магілёве ратавала Біблія і добрыя людзі
Пасля Шклова Сяргея перавялі ў магілёўскую калонію №15. Ціск працягнуўся і там: паводле былога палітвязня, адміністрацыя хутка пачала знаходзіць фармальныя падставы для новых спагнанняў.
«Калі я прыехаў, начальнік калоніі Лазарэнка шчыра абурыўся, што я ўжо тыдзень не ў ШІЗА, і пасыпаліся надуманыя рапарты. Адзін з іх – за павуцінне за каналізацыйнай трубой. Каля чатырох месяцаў я прасядзеў у камеры цалкам адзін», – распавядае экс-палітзняволены.
Але менавіта ў Магілёве Сяргей пабачыў і іншы бок турэмнага жыцця. Ён узгадвае жанчыну-псіхіятра і аднаго з фельчараў, якія не падзялялі вязняў на палітычных і астатніх і стараліся дапамагаць усім. «Яны бачылі, як пакутуюць палітычныя, і шмат дапамагалі нам, быццам мы звычайныя зэкі. На такіх людзях яшчэ неяк трымаюцца гэтыя калоніі, і я дагэтуль узгадваю іх у сваіх малітвах», – кажа ён.
Псіхалагічна пераносіць зняволенне ў Магілёве дапамагалі кнігі і вера. У адрозненне ад шклоўскай калоніі, тут Сяргей меў магчымасць чытаць. Асабліва падтрымлівалі яго Біблія і кніга «Айцец Арсеній». Палітвязням дазвалялі сустракацца і са святаром – айцом Мікалаем. Сяргей кажа, што вязні давяралі яму і не баяліся, што сказанае падчас размоў трапіць да адміністрацыі. Сам ён здолеў двойчы прычасціцца.
Аднак нават магчымасці чытаць паступова абмяжоўвалі. Спачатку адміністрацыя скараціла колькасць дазволеных кніг, пасля забараніла літаратуру на замежных мовах. «У чэрвені 2025-га мне далі суткі ў ШІЗА проста за тое, што я вучыў ангельскую мову па слоўніку», – узгадвае Сяргей.
Яшчэ адной нечаканай падтрымкай стала беларуская мова. У ПКТ Сяргей слухаў Першае нацыянальнае радыё. Паводле яго, беларускамоўны эфір настолькі ўрэзаўся ў памяць, што нават пасля вызвалення галасы вядоўцаў яшчэ доўга гучалі ў ягонай падсвядомасці.
***
Сяргей Іванцоў быў вызвалены са зняволення ў снежні 2025 года разам з іншымі палітвязнямі і вывезены ва Украіну. Цяпер ён наладжвае сваё жыццё ў Польшы. Кажа, што хутка пачне выкладаць курс па псіхалагічных тыпалогіях асобы для ўсіх ахвотных. “Маю досвед правядзення псіхалагічных трэнігаў у Беларусі на працягу 6 гадоў. Таксама на гэтую тэму ў мяне была напісана навуковая праца ў Мінску, калі я навучаўся ў аспірантуры БДУ па накірунку псіхалогіі (гэта яшчэ адна мая вышэйшая адукацыя, пасля біялогіі). Сачыце за абвесткамі ў маім Instagram www.instagram.com/sergius.dimension і Тэлеграм-канале https://t.me/sergius_tut. Падпісывайцеся, каб нічога не прапусціць!” – заклікае экс-палітвязень.
Фотаздымак: ПЦ “Вясна”
