Тры гады ў калоніі адкрытага тыпу можа правесці 52-летні жыхар Бабруйскага раёна за тое, што лавіў рыбу сеткай даўжынёй 120 метраў.
Суд Бабруйскага раёна і Бабруйска вынес прысуд раней судзімаму мясцоваму жыхару, якога абвінавацілі ў незаконнай здабычы рыбы з нанясеннем шкоды навакольнаму асяроддзю ў асабліва буйным памеры.
У траўні гэтага года, падчас вясновай забароны на лоўлю рыбы, мужчына паставіў у Бярэзіне каля вёскі Сяліба забароненую для аматарскага рыбалоўства сетку даўжынёй 120 метраў. Пазней ён прыплыў па ўлоў на лодцы, але якраз падчас выцягвання сеткі яго ўбачылі супрацоўнікі інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
У сетцы знайшлі 60 рыбін і двух ракаў. Сярод здабычы былі 48 гусцярок, тры ляшчы, пяць белавочак, а таксама падуст, чахонь і два яршы. Нанесеную прыродзе шкоду ацанілі ў 11 556 рублёў.
У судзе мужчына цалкам прызнаў віну. Яму прысудзілі тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу – так званую «хімію». Дадаткова давядзецца заплаціць 2250 рублёў штрафу і цалкам кампенсаваць налічаную шкоду.
Такім чынам, рыбалка сеткай можа абысціся жыхару Бабруйскага раёна амаль у 14 тыс. рублёў і тры гады «хіміі». Прысуд пакуль не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
