21 жніўня МАРГ адчыталася аб праверцы: больш за 20 арганізацый Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей прадалі свініну і мяса буйной рагатай жывёлы з парушэннем парадку цэнаўтварэння – на 1,3 мільёна рублёў. Цэны паднялі, не ўзгадніўшы з Камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце Міністраў. Парушальнікам выдалі прадпісанні, цэны вярнулі да дазволенага ўзроўню, на вінаватых службовых асоб склалі пратаколы.
Назваў міністэрства не прыводзіць – ніводнай гаспадаркі, ні разбіўкі па абласцях. Вядома толькі, што магілёўскія сярод іх ёсць.
Гаворка не пра крамную нацэнку. Свінні і буйная рагатая жывёла, якіх гаспадарка вязе на мясакамбінат, ідуць па цэнах, якія ўстанаўлівае Мінсельгасхарч па ўзгадненні з МАРГ.
З 20 чэрвеня 2025 года пад асобны кантроль урада ўзяты тры пазіцыі, якія пастаўляюцца для перапрацоўкі:
- малако-сыравіна;
- свінні;
- буйная рагатая жывёла.
Павышэнне цэн на іх узгадняе тая самая Камісія пры Саўміне – і робіць гэта на падставе зваротаў Мінсельгасхарча. Гэта значыць папрасіць за сваіх свіней даражэй гаспадарка наўпрост не можа: перагляд пачынаецца не з таго, хто выгадаваў жывёлу, а з міністэрства.
На другім канцы таго ж ланцужка кантроль выглядае інакш.
У ліпені Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці праверыў 17 гандлёвых аб’ектаў у Бялыніцкім, Горацкім і Шклоўскім раёнах і знайшоў парушэнні ва ўсіх. Гандлёвыя надбаўкі на пячэнне даходзілі да 40-77 працэнтаў замест дазволеных 25, на бульбу – да 22-32 замест пятнаццаці. Там таксама абышліся прадпісаннямі і рэкамендацыямі.
Розніца ў тым, ад чаго лічаць. Крамная надбаўка накручваецца на цану пастаўшчыка, а цану пастаўшчыка жывёлы прызначае міністэрства.
Адзінае звяно гэтага ланцужка, якое не мае права назваць уласную цану – гаспадарка, якая корміць і вырошчвае.
Фота ілюстрацыйнага характару.
