Да 17 верасня клімавіцкая раённая газета сабрала меркаванні гараджан пра Дзень народнага адзінства, і першай слова атрымала Ала Анціпава. Намесніца старшыні раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» заявіла: Беларусь – краіна, «дзе ёсць усё для жыцця і шчасця», а ад кожнага залежыць, каб яна квітнела. Паглядзім, у каго менавіта ўсё ёсць.
Анціпавай у кастрычніку споўніцца шэсцьдзесят шэсць. У 2010 годзе яна, намесніца дырэктара прафесійнага ліцэя № 14, стала «дэпутатам» раённага «савета» – тады яшчэ беспартыйнай.
У 2018 годзе ўзначальвала ўчастковую выбарчую камісію № 8 на мясцовых выбарах і адначасова раённую «Белую Русь».
Цяпер на сайце райвыканкама Анціпава значыцца вядучым спецыялістам і намесніцай старшыні арганізацыі, то бок на штатнай стаўцы.
У красавіку абласная канферэнцыя ўручыла Але Георгіеўне сярэбраны знак «За общественную деятельность».
У маі яна ж расказвала раёнцы пра сумесны праект з камунальнікамі – тры актывісткі пафарбавалі дзіцячую пляцоўку у двары дома № 123 на Леніна. Гэта быў унёсак арганізацыі ў агульнарэспубліканскі рух па добраўпарадкаванні. Па сутнасці справы – фікцыя.
Да шасцідзесяці шасці гадоў у Анціпавай сапраўды ёсць усё, што належыць чалавеку яе становішча і размаху:
- пенсія па ўзросце;
- стаўка вядучага спецыяліста ў грамадскім аб’яднанні;
- месца ў першым радзе на раённых урачыстасцях – ад злёту перадавікоў да ўзнагароджання камбайнераў;
- першая рэпліка ў раёнцы на кожнае дзяржаўнае свята.
Пры такім наборы жаданне, каб нічога не мянялася, натуральнае: любая перамена – рызыка для стаўкі, знака і першага рада.
Тая ж інтанацыя гучала 14 верасня ў Палацы Незалежнасці, дзе Лукашэнка ўручаў узнагароды да свята. Яму 72, з іх 32 гады ва ўладзе.
Дзед запэўніў залу, што зробіць усё, каб людзі «не былі, як мінімум, расчараваныя», а калі на Беларусь і будуць паказваць пальцам, то «з зайздрасцю».
Ні слова пра тое, што трэба змяніць – толькі пра тое, што трэба захаваць. Анціпава і Лукашэнка гавораць адно і тое ж з розных паверхаў адной вертыкалі: у нас усё ёсць, не чапайце.
Што да «ўз’яднання» 1939 года, дзеля якога заснавана свята, то Чырвоная армія 17 верасня перайшла польскую мяжу па дамоўленасці з Германіяй.
У каляндар гэтая дата трапіла ў 2021 годзе – праз год разгромнага паражэння Лукашэнкі на выбарах, калі адзінства спатрэбілася неадкладна.
«Ад кожнага з нас залежыць», – сцвярджае Анціпава. Ад яе залежыць, каб раённая «Белая Русь» своечасова здала справаздачу аб мерапрыемствах. Ад Лукашэнкі – каб нічога не мянялася яшчэ адзін тэрмін. Абодва спраўляюцца.
Фота раённай газеты.
