Быхаўскі лясгас

Быхаўскі лясгас адзначыў 90-годдзе: дырэктар кіруе 24 гады, сыны пачыналі ў бацькі, малодшы цяпер прадае бензапілы

Быхаўскі лясгас адсвяткаваў 90-годдзе  у раённым цэнтры культуры: дзяржаўны гімн і гімн лясной гаспадаркі, прывітальны адрас ад старшыні райвыканкама, узнагароды ад абласнога лесагаспадарчага аб’яднання, дзіцячыя ансамблі «Дубовички» і «Лесные орешки». 

Раённая газета падсумавала, што дзевяноста гадоў напоўнены «ціхай вернасцю сваёй справе». 

У Быхаве гэтая вернасць мае сямейны характар. Дырэктар Віктар Кузняцоў, які віншаваў калектыў са сцэны, кіруе лясгасам з 9 студзеня 2003 года – дваццаць чацвёрты год. Дзесяць гадоў таму ў парадным партрэце дырэктара  тая ж газета паведамляла, што яго старэйшы сын Сяргей узначальвае Гарадзецкае лясніцтва, а малодшы, Яўген, – Баркалабаўскае. Абодва лясніцтвы ўваходзяць у лясгас, якім кіруе бацька. Гарадзецкае ў тым тэксце названа перадавым, а Баркалабаўскае незадоўга да публікацыі справіла наваселле ў новым адміністрацыйным будынку. 

Малодшы з ляснічых потым сышоў у гандаль. У 2018 годзе Яўген Кузняцоў адкрыў у Быхаве магазін-майстэрню «Бензаленд», і ў снежні 2022 года раёнка прысвяціла яму нарыс  пра сумленнасць, прыстойнасць і годны ўклад у эканоміку краіны. 

Пачынаў прадпрымальнік з шасці бензапіл і чатырох мотакос, стаў афіцыйным дылерам вядомай маркі, перабраўся ў памяшканне на 200 квадратных метраў на вуліцы Смалячкова і перамог у нацыянальным конкурсе «Прадпрымальнік года». Праблем з месцам для гандлю і афармленнем дакументаў, паводле яго ўласных слоў, не ўзнікла – дапамаглі раённыя службы. А інакш і быць не магло – бацька ў тыя гады быў не толькі дырэктарам лясгаса, але і «дэпутатам» абласнога «савета» ад Быхава – пра гэты бок сямейнага поспеху мы расказвалі ў сакавіку 2024 года . 

Так што бензапіламі сын ляснога дырэктара гандлюе ў раёне, дзе лесам загадвае яго бацька. Свята прыпала на не самы святочны для лясной галіны вобласці час. Узнагароды перадавікам на юбілеі ўручаў намеснік генеральнага дырэктара Магілёўскага лесагаспадарчага аб’яднання – а былы генеральны дырэктар гэтага аб’яднання ў ліпені 2026 года  атрымаў дзесяць гадоў пазбаўлення волі: паводле версіі абвінавачання, са снежня 2016-га па снежань 2024 года ён узяў больш за 190 тысяч рублёў хабараў, у тым ліку за будучыя дамовы на пастаўку лесагаспадарчага абсталявання. 

У маі Міністэрства лясной гаспадаркі  паведаміла пра затрыманне больш як двух дзясяткаў работнікаў галіны – ад майстроў лесу да дырэктараў лясгасаў; кіраўніку аднаго з лясгасаў Магілёўскай вобласці інкрымінуюць хабар амаль у 240 тысяч рублёў. Тым жа летам асуджаны былы ляснічы з Магілёва : паводле яго ўказання падначаленыя незаконна высеклі 288 дрэў, а драўніну прадалі. Будучую змену лесаводаў на юбілеі прадстаўлялі «Дубовички» і «Лесные орешки». Хоць з пераемнасцю ў Быхаўскім лясгасе і без іх поўны парадак.

Фота раённай газеты .

← Усе навіны Магілёва