Галоўная старонка сайта Быхаўскага райвыканкама адкрываецца шапкай, дзе побач з гербамі краіны і горада круціцца карусель малюнкаў. Адзін з іх – дзіцячы малюнак з лозунгам «Разам зберажом нашу Беларусь адзінай!».
Пад лозунгам Беларусь намалявана разрэзанай на шэсць абласцей. Кавалкі ляжаць паасобку, і кожны трымае асобная рука, працягнутая з краю аркуша.
Задуманы, відавочна, пазл, які складаюць разам. Але малюнак – рэч статычная. Незразумела, ці то рукі зрушваюць вобласці да цэнтра, ці то краіну расцягваюць па частках.
Па абласцях раскладзена і абрэвіятура БРСМ. «БР» дасталася Мінскай вобласці, «СМ» – Магілёўскай. Гродзенскай і Брэсцкай – па кавалку дрэўка. Поўнач і цэнтр краіны размаляваныя ў чырвона-зялёны, пад дзяржаўны сцяг, а поўдзень – Брэсцкая і Гомельская вобласці – пераважна ў сіне-зялёны, так што і па колеры Беларусь на малюнку атрымалася неаднароднай. Да дзіцяці, якое гэта малявала, пытанняў няма. Пытанне да дарослых ідэолагаў Быхава, якія выбіралі не самы ўдалы малюнак ці то ў патрыятычным, ці то ў п’яным угары.
