Ратнікаў Аляксей

Глуск наведаў спявак, які ідзе пешшу з Мінска ў Гомель

Будаўнік з Мінска, лідар сола рок-гурта “22 пытанні” Аляксей Ратнікаў завітаў у Глуск падчас свайго пешага падарожжа ў Гомель.

У пешую вандроўку мінскі музыка выправіўся, каб інфармацыйна падтрымаць сваю новую песню. Абраны ім шлях пралягае праз Глуск, дзе, паводле Ратнікава, частка яго сэрца – там жыла жанчына, якая была музай яго праекта і многіх песень.

“Чаму ж я прыйшоў сюды пешшу? Вырашыў я гэта зрабіць, бо гэта самы непапулярны спосаб. Лягчэй сесці ў машыну, за лічаныя гадзіны дабрацца, і ўсё, ты герой. Гэта не для мяне. Таксама яшчэ паслужыў прычынай майго наведвання Глуска нядаўні рэліз песні “Раззадор мяне”. Герой адчувае шматлікія цяжкасці, падарожнічае, і я вырашыў падтрымаць свайго лірычнага героя і прыйсці пешшу, выпрабаваўшы ўсе складанасці, і зрабіць пэўныя высновы”, – распавёў музыка “Мястэчку Глуск”.

Вандроўка Аляксея пачалася ў панядзелак 21 верасня 2026 года. У Глуск ён завітаў на пяты дзень свайго шляху. “Прайшоў я шмат населеных пунктаў, хутары, ішоў лясамі, палямі ў цемры, дождж ішоў, прайшоў праз Старыя Дарогі, і вось ужо на пяты дзень з’явіўся ў вашым мілым горадзе Глуску”, – кажа вандроўнік.

Аляксей не думаў, што шлях ад Мінска да Гомеля будзе вельмі складаным. “Цяжкімі былі другі і трэці дзень, атрымаў траўмы абедзвюх ног. І на другі дзень падарожнічаў 14 гадзін пад дажджом. Гэта не лівень, але ён увесь час цярушыў, ледзь дайшоў да хутара, уначы з тэлефонам у руцэ падсвятляў сабе дарогу, ішоў па лесе ў цемры. Гэта асноўныя выпрабаванні. Усё астатняе было нашмат прасцей”, – узгадвае Ратнікаў.

Ён распавёў, што яго сола рок-гурт “22 пытанні” існуе ўжо не першую пяцігодку. “Гэта больш студыйны праект, яго можна слухаць на стрымінгах у інтэрнэце. Матэрыял на рускай, на беларускай мове прысвечаны рэальным падзеям, рэальным людзям. Гэта значыць – некаторыя мае сябры могуць сябе пазнаць ў песнях гурта “22 пытанні”. Слухайце, любіце рок-н-рол, ну а я рухаюся далей”, – сказаў на развітанне госць Глуска.

Скрыншот: ТГ “Мястэчка Глуск”

← Усе навіны Магілёва