п'яны

У Магілёве п’яны чапляўся да пенсіянеркі – яго знайшлі і пакаралі

П’яны мужчына чапляўся да састарэлай магіляўчанкі, тая паскардзілася ўнучцы і крыўдзіцеля адправілі за краты.

Гісторыя пачалася каля аднаго з магілёўскіх дамоў. Састарэлая жанчына выйшла з кватэры і сутыкнулася з незнаёмым п’яным мужчынай, які пачаў назойліва да яе чапляцца. Потым ён сыйшоў, але напалоханая пенсіянерка доўга не магла супакоіцца.

На наступны дзень бабулю наведала ўнучка і заўважыла, што тая моцна напалоханая і прыгнечаная. Пенсіянерка расказала ёй, што адбылося. З гэтай інфармацыяй унучка пайшла ў міліцыю. 

У Кастрычніцкім РАУС праглядзелі запісы камер відэаназірання, потым апыталі суседзяў бабкі, а распазнаць мужчыну на відэа дапамагла прадавачка размешчанай непадалёк крамы.

У выніку асобу аматара п’яных чаплянняў да састарэлых жанчын выявілі. Што менавіта ён рабіў і па якім артыкуле яго прыцягнулі да адказнасці, міліцыя ў сваім паведамленні не ўдакладняе. Вядома толькі, што справа дайшла да суда, які прызначыў мужчыне адміністрацыйны арышт.

У міліцыі пасля гэтай гісторыі параілі не ўступаць у канфлікт з агрэсіўнымі ці назойлівымі незнаёмцамі, а адысці ў бяспечнае месца, паклікаць іншых людзей і паведаміць праваахоўнікам, нават калі парушыць спакою сыйшоў. Асабліва пра гэта раяць гаварыць з пажылымі сваякамі, якія часам могуць проста прамаўчаць пра падобныя здарэнні.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва