ураджай

У Магілёве педагогаў узнагародзілі за сабраны ўраджай

Бітва за ўраджай у Магілёўскай вобласці не абыйшлася без ахвяр – урокаў, якасці навучання школьнікаў, кваліфікацыі педагогаў і прэстыжу настаўніцкай працы.

У Магілёве ўрачыста ўзнагародзілі работнікаў адукацыі за тое, што яны замест сваёй непасрэднай працы дапамагалі збіраць ураджай. Настаўнікі, загадчыкі майстэрняў, вартаўнікі і кладаўшчыкі на час ператварыліся ў камбайнераў, кіроўцаў, работнікаў зернятокаў і харчаблокаў.

У афіцыйнай версіі гэта называецца дапамогай хлебаробам, самаадданай працай і прыкладам грамадзянскасці. Аднак за прыгожымі словамі хаваецца даўняя практыка: калі сельскай гаспадарцы не хапае ўласных работнікаў, закрываць гэтую дзірку адпраўляюць людзей з іншых сфер.

Не абмінула такая праява беларускага эканамічнага цуда і сферу адукацыі. Людзі, прафесія якіх вучыць дзяцей, рыхтавацца да заняткаў і павышаць уласную кваліфікацыю, у «гарачую пару» апынуліся на палях і зернятоках. Хтосьці сеў за руль грузавіка, хтосьці за штурвал камбайна, іншыя займаліся перавозкай збожжа ці працавалі ў харчаблоках.

Сам факт такой падмены прафесій у арганізатараў мерапрыемства пытанняў, відаць, не выклікаў. Наадварот, работнікаў адукацыі вырашылі за яе ўзнагародзіць.

Старшыня Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Ігар Станкевіч назваў удзел педагогаў ва ўборачнай прыкладам грамадзянскасці. Паводле яго, педагог павінен выхоўваць не толькі словамі, але і ўласным прыкладам, а выхад работнікаў адукацыі на палі нібыта якраз і стаў такім прыкладам.

Але тут узнікае пытанне: які менавіта прыклад атрымліваюць школьнікі? Што прафесійныя абавязкі настаўніка можна адкласці, калі чарговай галіне эканомікі тэрмінова спатрэбіліся дадатковыя рукі? Ці што падрыхтаванага педагога рацыянальна выкарыстоўваць там, дзе патрэбныя зусім іншыя прафесійныя навыкі?

Асобнае пытанне – што ў гэты час адбываецца з самой адукацыяй. Настаўніцкая праца не заканчваецца школьным званком: гэта падрыхтоўка да заняткаў, праверка работ, праца з дзецьмі, метадычная дзейнасць. Час, аддадзены зернятоку ці камбайну, непазбежна забіраецца ў асноўнай прафесіі гэтых людзей.

Тым не менш у Магілёве вынікі такой практыкі падалі як нагоду для гонару. 14 прадстаўнікоў вобласці атрымалі ўзнагароды рэспубліканскага камітэта галіновага прафсаюза, абласной арганізацыі і абласнога аб’яднання прафсаюзаў.

Гісторыя атрымалася паказальная. Замест таго каб задацца пытаннем, чаму сельская гаспадарка не можа сабраць ураджай сіламі сваіх работнікаў, сістэма ўзнагароджвае тых, каго давялося адарваць ад іншай працы. І асабліва дзіўна гэта выглядае ў выпадку з педагогамі. Дзяржава шмат гаворыць пра якасць адукацыі і аўтарытэт настаўніка, але адначасова дэманструе, што кваліфікаванага спецыяліста можна ў любы момант проста перамясціць ад школьнай дошкі за штурвал камбайна. А потым яшчэ і ўручыць за гэта грамату.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва