Анжэнка Пугач

Клімавічы другі раз за два гады знаёмяцца з новым старшынёй райвыканкама. Пугач і Анжэнка

Клімавічанам зноў прадставілі новага кіраўніка раёна. Аляксандра Анжэнку з Хоцімска прызначылі старшынёй райвыканкама, і 29 верасня старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка прывёз яго на пазачарговую сесію раённага «савета дэпутатаў».
Мінулае знаёмства адбылося роўна два гады таму: 30 верасня 2024 года той жа Ісачанка на такой жа пазачарговай сесіі прадставіў Пугача.
Віктар Пугач, патомны чыноўнік, прыйшоў з суседняга Быхаўскага раёна, дзе быў намеснікам старшыні райвыканкама па эканоміцы, а да гэтага працаваў у быхаўскіх калгасе, бальніцы, райвыканкаме і ТАА «Быхаўлес».
Тады Ісачанка дзякаваў за працу яго папярэдніку Дзмітрыю Хайноўскаму, цяпер – самому Пугачу.
Схема паўтарылася амаль даслоўна. Анжэнка таксама прыйшоў намеснікам старшыні з суседняга раёна – Хоцімскага, дзе адказваў за будаўніцтва, жыллёва-камунальную гаспадарку і надзвычайныя сітуацыі, і таксама правёў усю кар’еру ў адным раёне.
А ў ліпені ганаровую грамату Хоцімскага райвыканкама там атрымала кіраўніца спраў Велікаліпаўскага сельвыканкама Галіна Анжэнка – магчыма, аднафамілец.
Розніца ў профілі: Пугач – эканаміст з аграрнай адукацыяй, які працаваў у райвыканкаме з 2003 года, Анжэнка – трыццацісямігадовы інжынер па будаўнічых і дарожных машынах.
Аднак абяцанні на сесіях прагучалі падобныя. Пугач у 2024 годзе казаў пра завяршэнне палявых работ, падрыхтоўку да «Дажынак» і прагнозныя паказчыкі. Анжэнка ў першым выступленні паабяцаў увагу ўсім галінам, асабліва сельскай гаспадарцы.
Падобна на тое, мяняючы кіраўнікоў раёнаў, састарэлы Лукашэнка ўжо звяраецца не з вынікамі іх працы, а са становішчам Марса і Юпітэра.
Новае галоўнае імя клімаўчанам давядзецца вывучыць да зімы, а наступнае, калі захаваецца тэмп і дакладнасць сонцавароту, спатрэбіцца восенню 2028 года.

Фота «Родная нива» розных гадоў.

← Усе навіны Магілёва