Выпускнік Магілёўскага вышэйшага каледжа МУС, былы брэсцкі міліцыянер эміграваў пасля адбыцця пакарання за палітыку.
«Пачынаю жыццё з чыстага ліста. Мяне ў Беларусі нічога не трымае, там ні дома ўжо, ну, нічога няма. Куплю сабе кватэру ў Польшчы і машыну. Пайду працаваць. Я маю права атрымаць від на жыхарства праз паўгода. Усё. Я нават акардэон з сабой прывёз, новы, Weltmeister», – заяўляе мужчына ў кароткім відэа.
Руслану Сахарчуку 49 гадоў, ён з Брэста. Скончыў Магілёўскі вышэйшы каледж МУС, пасля працаваў у Ленінскім РАУС Брэста. Даслужыўся да звання капітана міліцыі. У 2008 годзе яго звольнілі з органаў за «здзяйсненне дыскрэдытуючых учынкаў».
Пазней у жыцці Сахарчука з’явілася Афрыка. Ён перыядычна бываў у Кеніі і вёў YouTube-блог From Africa to Belarus. Мужчына расказваў пра жыццё і працу ў Афрыцы, мясцовых людзей і ўласныя прыгоды.
У 2025 годзе былы міліцыянер стаў фігурантам крымінальнай палітычнай справы аб «распальванні варожасці». Гэты артыкул часта выкарыстоўваецца ў дачыненні да палітычных блогераў, аналітыкаў і нават простых карыстальнікаў сацсетак, чые выказванні не супадаюць з пазіцыяй улады.
Руслану Сахарчуку прызначылі абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Ён быў прызнаны палітвязнем.
Скрыншот: YouTube@FiglyMigly1
