Жыхарка Крычава падключыла дом да цэнтральнага водаправода, атрымала рахунак ад водаканала і плаціць не стала, а звярнулася ў Камітэт дзяржкантролю.
Кантралёры Магілёўскай вобласці пералічылі работу і высветлілі, што водаканал прымяніў нормы і расцэнкі, якія не адпавядалі выкананым работам.
У рахунак упісалі работы, на якія спатрэбілася б больш за пяць гадзін, тады як само падключэнне заняло крыху больш за гадзіну. Пасля пераразліку сума да аплаты зменшылася амаль у шэсць разоў.
Вінаватага работніка крычаўскага водаканала прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці.
Крычаўскі водаправод абслугоўвае ўчастак № 2 Касцюковіцкага філіяла «Магілёўаблводаканала». Улетку гэты ўчастак быў у раённага кіраўніцтва на добрым рахунку. У ліпені старшыня райвыканкама Аляксей Шарай і старшыня раённага савета «дэпутатаў» Ірына Пруднікава асабіста прыязджалі да калектыву ўручаць падзячныя лісты за добраўпарадкаванне пляжа «Песчаный берег» на возеры Маладзёжным.
Адзначылі трох рабочых і кіраўніка ўчастка Вадзіма Гурскага – за прафесійную арганізацыю работы на пляжы.
Пляж, як высветлілася, на ўчастку добраўпарадкоўваюць лепш, чым складаюць рахункі.
Крычаўскіх камунальнікаў ловяць за руку не ўпершыню. У чэрвені 2021 года калегія КДК Магілёўскай вобласці разбірала работу раённай ЖКГ.
Кантралёры ўстанавілі, што крычаўскае УКВП «Коммунальник» незаконна атрымала з раённага бюджэту больш за 190 тысяч рублёў. Знайшліся і неэфектыўнае выкарыстанне дзяржмаёмасці і паліва, і цеплавыя лічыльнікі без паверкі. Да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці тады прыцягнулі 18 работнікаў камунальных службаў раёна.
Пяць гадоў праз карціна мала змянілася.
У верасні 2026 года КДК правёў у Крычаўскім раёне комплексную праверку і знайшоў:
- захламленыя і зарослыя пустазеллем землі агульнага карыстання;
- больш за 40 аварыйных, патэнцыйна небяспечных аб’ектаў, доступ да якіх ніхто не закрыў;
- 90 гектараў невыкарыстоўваемых сельгасзямель;
- пустуючыя дамы, якія не ўлічылі, не прадалі і не знеслі;
- парушэнні пры расходаванні бюджэтных грошай і ў рабоце з жыллёвым фондам.
Пытанне аб адказнасці вінаватых, паводле слоў кантралёраў, пакуль толькі разглядаецца.
І галоўнае. Лішнія чатыры гадзіны ў рахунку і гэтым разам знайшла не бухгалтэрыя водаканала, не КДК, а гаспадыня дома.
