Хаціка

Для прытулку сабак у Бабруйску за два дні сабралі 165 тысяч рублёў

Уладальнікі сабачага прытулку “Хаціка” ў Бабруйску цяпер змогуць выкупіць зямлю для пабудовы вальераў.

“Гэта неверагодна! 165 тыс. 9 рублёў”, – кажа старшыня таварыства абароны жывёл “Пяць свабод” Алена Грэўцава.

Пра тое, што прытулак высяляюць з участку, дзе некалькі гадоў стаяць вальеры з 160 сабакамі, Алёна распавяла два дні таму. “Мы купілі былы будынак кафэ некалькі гадоў таму пад прытулак. На дадзены момант у нас знаходзіцца каля 300 сабак. Побач з нашым прытулкам мы ўзялі ў арэнду тэрыторыю 36 сотак зямлі, каб размясціць там нашых сабачак. Мы пабудавалі вальеры, там у нас знаходзіцца на сённяшні дзень каля 160 сабак. Гэтую тэрыторыю выставілі на продаж. Уласнік тэрыторыі падаў на нас у суд. Натуральна, суд мы прайгралі”, – распавяла Алена.

Па рашэнні суда вызваліць тэрыторыю прытулак павінен быў да 2 кастрычніка. На працягу месяца валанцёры спрабавалі вырашыць пытанне сваімі сіламі. Кіраўніцтва горада прапанавала ім некаторыя варыянты, але дзяліць прытулак на дзве часткі валанцёры палічылі немэтазгодным. А пераехаць разам з усімі 300 сабакамі было вельмі дорага. Таму ў валанцёраў заставалася толькі два варыянты: альбо выкупіць гэтую тэрыторыю, якая каштуе 105 тыс. рублёў, альбо выпусціць усіх сабак.

“Але сабак мы выпусціць не можам, атрымліваецца, тады іх давядзецца ўсыпіць. Мы вельмі просім дапамогі, збору сродкаў. Сябры, у нас засталося зусім мала часу, але мы верым у сілу Інтэрнэту, мы верым у каханне», – звярнулася Алёна да падпісчыкаў два дні таму.

Ужо ўвечары 1 кастрычніка яна распавяла, што ўся неабходная сума на куплю зямлі сабраная. “Сябры! Гэта перамога, і ўсё гэта здарылася толькі дзякуючы вам, вашай падтрымцы і вашай веры ў тое, што ў нас усё атрымаецца! Усе сабраныя грошы звыш сумы пойдуць на ўладкаванне той самай зямлі, якую нам з вамі ўдалося выкупіць! Мы вельмі хочам перасадзіць сабачак з будынка ў вулічныя вальеры. Сабраная сума дазволіць нам забяспечыць хвосцікам лепшыя ўмовы!” – распавяла Алена.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва