штраф

Бабруйскага прадпрымальніка аштрафавалі за запазычанасць перад дзесяццю работнікамі

Штраф да 20 базавых велічынь наклалі на прадпрымальніка ў Бабруйску за тое, што не цалкам выканаў пракурорскае патрабаванне выплаты заробку сваім работнікам.

Дзесяць работнікаў прыватнай будаўнічай арганізацыі ў Бабруйску некалькі месяцаў працавалі, але належных ім грошай своечасова не атрымлівалі. З сакавіка па травень 2026 года прадпрыемства назапасіла перад імі больш за 27,9 тыс. рублёў запазычанасці па заробках.

Сітуацыяй зацікавілася пракуратура Бабруйска. Кіраўніку арганізацыі вынеслі прадпісанне з патрабаваннем неадкладна разлічыцца з работнікамі. Аднак “неадкладна” не атрымалася – прадпрымальнік толькі часткова выплаціў заробак за сакавік васьмі работнікам. Агулам яны атрымалі больш за 5 тыс. рублёў. Але асноўная частка запазычанасці так і засталася невыплачанай.

Такое выкананне пракурорскага прадпісання палічылі неналежным. Кіраўніка прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 24.1 КаАП, які прадугледжвае пакаранне за невыкананне патрабаванняў пракурора ў выглядзе штрафа да 20 базавых велічынь. Пасля адміністрацыйнага пакарання грошы на поўны разлік з работнікамі знайшліся. Пракуратура паведамляе, што запазычанасць па заробках была цалкам пагашаная.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва