Пугач Віктар

Куды падзеўся клімавіцкі старшыня Пугач?

На фоне карупцыйнага скандалу ў АПК трох абласцей Беларусі, людзі задаюцца пытаннем, чаму быў зняты былы старшыня Клімавіцкага райвыканкама Віктар Пугач.

Нагадаем, што на мінулым тыдні Клімавічы другі раз за два гады сустракалі новага старшыню райвыканкама. На месца галоўнага раённага вертыкальшчыка беларускі дыктатар нечакана прызначыў Аляксандра Анжэнку з Хоцімска. Яго папярэднік Віктар Пугач, патомны чыноўнік, прыйшоў у Клімавічы з суседняга Быхаўскага раёна, і цяпер падзеўся невядома куды.

Такая частая змена старшыняў райвыканкама не засталася незаўважнай для насельніцтва. Чытач тэлеграм-канала “Вячэрні Магілёў” Ніканор Віскоўскі задаецца пытаннем, чаму так адбылося. “За што вызвалілі 49-гадовага перспектыўнага кіраўніка, які мае за плячыма эканамічны факультэт БДСГА і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, вялікі вопыт паспяховай працы – ніхто толкам не ведае. А калі так, то з’яўляецца глеба для нядобрых чутак. І такое адбываецца з году ў год”, – заўважае чытач тэлеграм-канала.

Спадар Віскоўскі лічыць, што няправільна, калі аб прызначэнні новых службовых асоб насельніцтву паведамляюць, а куды сыходзяць іх папярэднікі, не кажуць нічога. “Гаворка ж ідзе не пра дробных чыноўнікаў, хоць і яны людзі, а пра эліту грамадства, на прадстаўнікоў якіх павінны раўняцца астатнія, браць з яе прыклад”, – разважае жыхар Магілёўскай вобласці.

Пры гэтым змену ў клімавіцкай вертыкалі ён звязвае з нядаўна агучанай МУС інфармацыяй аб раскрыцці карупцыйнай схемы ў Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях. Сутнасць яе ў тым, што дырэктар прыватнай кампаніі пастаянна даваў хабары службовым асобам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Узамен яны павінны былі заказваць рамонт тэхнікі менавіта ў яго фірмы.

“Выяўленне і спыненне карупцыі ў ключавых галінах эканомікі, у тым ліку ў аграрным сектары, працягнецца. Значыць, з’явяцца новыя фігуранты крымінальных спраў. А як інакш, калі небяспечнай сацыяльнай хваробай пакутуюць лепшыя ў рэспубліцы вобласці! Што ўжо тады казаць пра Віцебскую, Гомельскую, ды і нашу Магілёўскую таксама. Ды і казалі ўжо, прычым шмат разоў, пра што паведамлялася ў друкаваных і электронных СМІ, у ТГ-канале «Вячэрні Магілёў» таксама. Так што наш рэгіён чакае свайго часу.  Ён блізкі, паколькі чуткі ходзяць розныя. І яны не беспадстаўныя”, – упэўнены мужчына.

Фотаздымак: www.rodniva.by

← Усе навіны Магілёва