Лідар магілёўскага рок-гурта «Барон Мюнхгаузен» Аляксандр Сташкевіч памёр 1 кастрычніка. Яму было 57 гадоў, гурту – 20.
Родам Сташкевіч з Быхава. У «Бароне Мюнхгаузене» ён пісаў музыку і вершы і граў на гітары, а свае песні выконваў і з гуртом, і сольна.
Песні Сашы поўныя філасофскага сэнсу – «Аквариум» і «Пикник» у адным флаконе. Гурт ведалі па канцэртах у Магілёве і па тэлепраграме «Четвертая студия», дзе «Барон Мюнхгаузен» граў ужывую.
Сам Сташкевіч казаў, што песні ў яго нараджаюцца толькі з моцнага перажывання – пасля падзеі, сустрэчы, кнігі або фільма.
«Мяне абавязкова нешта павінна вельмі моцна ўзрушыць», – тлумачыў ён. Асабліва востра Сташкевіч перажываў сыход сяброў, і адна з яго найлепшых песень – пра тое, што знаёмых твараў навокал становіцца ўсё менш.
Сябры музыканта абяцаюць, што ў Магілёве з’явіцца дрэва, названае яго імем.
Фота – Яўген Булава.
