У Ленінскі РАУС Магілёва звярнуўся 42-гадовы гараджанін, які хацеў аформіць візу праз пасярэдніка з інтэрнэту. Ён знайшоў аб’яву пра адкрыццё віз, спісаўся са «спецыялістам» і пералічыў яму каля тысячы рублёў перадаплаты.
Пасля гэтага аб’ява знікла, а выканаўца перастаў выходзіць на сувязь.
Супрацоўнікі па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці ўстанавілі, што аб’яву размясціў 26-гадовы жыхар Мазыра. Аказваць паслугі ён і не збіраўся, грошы патраціў на сябе. Следчыя распачалі крымінальную справу.
У міліцыі раяць звяртацца толькі ў правераныя і афіцыйна зарэгістраваныя турыстычныя агенцтвы і не пералічваць перадаплату незнаёмым людзям у інтэрнэце. Парада слушная, але сума тлумачыць, чаму магілёвец не насцярожыўся.
Самастойна трапіць на падачу дакументаў беларусам цяжка – свабодны слот у візавым цэнтры злавіць няпроста, запісу чакаюць месяцамі, і шэнген усё часцей афармляюць праз турфірмы. Запіс і падрыхтоўка дакументаў у іспанскі візавы цэнтр у Мінску каштуюць ад 600 рублёў.
Так што тысяча рублёў перадаплаты не выглядала ні прыманкай, ні рабаўніцтвам – звычайная цана пасярэдніцкіх паслуг. Па цане адрозніць махляра ад агенцтва было нельга – розніца толькі ў тым, што ў агенцтва ёсць дамова і рэгістрацыйны нумар, а ў аб’явы з Мазыра была адна перапіска.
