Уладзімір Гундар

Палітвязня з ампутаванай нагой перавялі з магілёўскай турмы ў бабруйскую калонію

Асуджанага на 20 гадоў зняволення палітвязня Уладзіміра Гундара, у якога ампутавана нага, вярнулі з магілёўскай турмы №4 ў калонію №2 Бабруйска.

Аб пераводзе, які адбыўся напачатку кастрычніка 2026 года, “Радыё Свабода” даведалася ад сваёй інфармаванай крынцы. 

У гэтай калоніі 66-гадовы Уладзімір Гундар ужо адбываў пакаранне раней, але ў кастрычніку 2023 году суд прызначыў палітвязню больш строгі, турэмны рэжым і яго адправілі ў магілёўскую турму. Цяпер трохгадовы тэрмін скончыўся. Але, паводле прысуду, за кратамі Гундару заставацца яшчэ 13 гадоў.

Актывіста і краязнаўцу з Баранавічаў Уладзіміра Гундара затрымалі 30 снежня 2020 году па так званай «справе Аўтуховіча» – нібыта за падрыхтоўку тэракту. У 2023 годзе ў выніку двух судоў паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу палітвязня асудзілі агулам на 20 гадоў зняволення.

Мужчына мае інваліднасьць другой групы – у яго ампутаваная нага вышэй калена. У зняволенні Гундару забараняюць карыстацца пратэзам, ён перасоўваецца на мыліцах. Падчас знаходжання ў гарадзенскай турме №1 Уладзімер Гундар меў праблемы са слыхам, цяпер у яго трывала падвышаны ціск.

Акрамя таго, палітвязень паскардзіўся на пагаршэнне зроку і яму спатрэбіліся новыя, больш моцныя акуляры.

Праваабаронцы ўключылі Гундара ў спіс 170 палітвязняў, якія паводле здароўя знаходзяцца ў асабліва ўразлівым стане, і дамагаюцца яго найхутчэйшага вызвалення.

Фотаздымак: Радыё Свабода

← Усе навіны Магілёва