Камунальнае прадпрыемства «Магілёўзелянбуд» выставіла на аўкцыён ачыстку Пячэрскага возера і ракі Дубравенкі. Арыенціровачны кошт – 1 758 800 рублёў, прапановы прымалі з 3 па 18 верасня.
Закупку падзялілі на два лоты. Большы, на 1 100 000 рублёў, – само возера і кіламетр Дубравенкі вышэй па цячэнні, усяго 2,7 гектара. Яшчэ 658 800 рублёў закладзена на два ўчасткі Дубравенкі ў раёне вуліц Сурганава і Ціміразеўскай.
Заданне падрадчыку па першым лоце пачынаецца з вадалазнага абследавання, адкрыцця водаскіднага збудавання і скіду вады праз шлюз. Далей – ачыстка дна ад донных адкладаў, расчыстка рэчышча ад затопленых бярвенняў і карчоў, аналіз адходаў у акрэдытаванай лабараторыі, вываз на палігон і разлік шкоды рыбным запасам.
Але першыя этапы ўжо выкананыя. У маі галоўны інжынер «Магілёўзелянбуда» Васіль Ганевіч расказваў журналістам, што вадалазы абследавалі акваторыю, пасля чаго ўзровень вады панізілі праз шлюз і праверылі работу гідратэхнічнага збудавання. Атрымліваецца, у аўкцыён трапілі работы, пра выкананне якіх прадпрыемства адсправаздачылася яшчэ вясной.
Названая сума гранічная: па выніках таргоў цана дамовы можа аказацца ніжэйшай.
Фота «Беларусь сегодня».
