У Шклоўскім раёне двум маладым спецыялістам не выплацілі аднаразовую дапамогу пры пераездзе да месца работы і не прымянялі належны ім падатковы вылік.
Гэта высветлілася падчас праверкі прафсаюза работнікаў АПК. Пасля ўмяшання прававога інспектара падатак пералічылі, а кампенсацыі выплацілі – у суме больш за тысячу рублёў.
У адной з сельгасарганізацый Мсціслаўскага раёна трое маладых рабочых не атрымалі дапамогу пры прыёме на работу ў памеры тарыфнай стаўкі, а бухгалтэрыя таксама не прымяняла вылік. Ім даплацілі больш за дзве тысячы рублёў. Усяго па вобласці маладым спецыялістам АПК вярнулі больш за тры тысячы.
Назваў гаспадарак прафсаюз не прыводзіць, а самі парушэнні інспектар тлумачыць не злым намерам, а няўважлівасцю і няведаннем тонкасцей заканадаўства.
Тонкасць гэтая прасцей простай рэпы: вылік для маладых спецыялістаў у 2026 годзе складае 860 рублёў на месяц і прадастаўляецца незалежна ад заробку. У верасні яго падрабязна разбірала мсціслаўская раённая газета.
У суботу, 10 кастрычніка, у Шклове пройдзе абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Да свята ў гарадскім парку зрабілі новыя пляцоўкі, уклалі больш за 500 метраў плітачных дарожак, адрамантавалі каля 25 жылых дамоў, паставілі новыя прыпынкі і гранітны мемарыял, а ў аграгарадку Гарадзец адкрыюць бюст Героя Сацыялістычнай Працы.
Для працаўнікоў вёскі да свята ў Шклове паспелі ўсё. Маладым спецыялістам раёна не заплацілі. Без злога намеру.
Фота mogilevnews.by.
