Былы старшыня Магілёўскага аблвыканкама Барыс Батура прыехаў у Бабруйск на XIV Форум гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Расіі. 79-гадоваму госцю паднеслі хлеб-соль на ручніку, прымаў яго асабіста старшыня гарвыканкама Максім Гурын.
Батура тут не проста госць. Ён узначальвае праўленне грамадскага аб’яднання «Породненные города», якое і арганізуе форум разам з Бабруйскім гарвыканкамам і расійскай Міжнароднай асацыяцыяй «Породненные города». Сэнс мерапрыемства экс-губернатар патлумачыў так: з Расіяй трэба пастаянна падтрымліваць кантакт, інакш «невядома, чым гэта ўсё можа скончыцца». І спаслаўся на словы яшчэ аднаго пенсіянера – Лукашэнкі, які пастаянна палохае беларусаў вайной і асацыюе сябе з голубам міру.
Батура – наменклатуршчык яшчэ савецкай загартоўкі. Ён нарадзіўся ў 1947 годзе у Ваўкавыску, скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, у канцы 1980-х быў намеснікам міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР, а з 1990 па 1999 год – міністрам ЖКГ.
Пасля кароткага перыяду на пасадзе віцэ-прэм’ера ў лістападзе 2000 года ён узначаліў Магілёўскі аблвыканкам і кіраваў вобласцю амаль восем гадоў, атрымаўшы званне ганаровага грамадзяніна Магілёва.
Стамляцца ад работы Батура пачаў яшчэ тады. Калі ў 2008 годзе яго перавялі ў старшыні Савета Рэспублікі, хадзілі размовы, што ў адстаўку ён прасіўся яшчэ ў 2006 годзе, але Лукашэнка ўгаварыў яго папрацаваць у вобласці яшчэ два гады.
З 2010 года Батура кіраваў Мінскім аблвыканкамам – і адтуль яго выгналі. У лістападзе 2013 года Лукашэнка зняў Батуру «за неналежнае выкананне даручэнняў» па мадэрнізацыі «Барысаўдрэва» і адправіў на гэты завод генеральным дырэктарам.
Батура на работу не выйшаў, хоць яму пагражалі крымінальнай справай, і заявіў, што ён пенсіянер і будзе адпачываць.
Праз трынаццаць гадоў пенсіянер, які не паслухаўся Лукашэнку, зноў у афіцыйнай абойме: сустракае расійскія дэлегацыі і падзяляе меркаванне Лукашэнкі, які калісьці публічна яго прагнаў.
Фота bobrlife.by.
