выгул сабак

У Магілёве скардзяцца на недахоп пляцовак для выгулу сабак

Жыхарка дома па праспекце Шміта ў Магілёве Вікторыя скардзіцца на адсутнасць пляцовак для выгула сабак, нягледзячы на аплату ёю адпаведных падаткаў.

“У мяне два сабакі – вельш-коргі, я іх зарэгістравала, плачу падаткі кожны месяц ужо больш за два гады, а, можа, і больш. Але за гэты час ніводнай пляцоўкі для выгулу сабак побач з маім домам не створана. Даводзіцца гуляць з сабакамі на прыдамавых пляцоўках, але не ўсім гэта падабаецца, асабліва тым, хто гуляе з дзецьмі. І я іх разумею”, – распавяла 41-гадовая магіляўчанка, работніца гандлю

Яна задаецца пытаннем, што ж ёй, а таксама іншым сабакаводам, якія жывуць па суседству, рабіць. “Яны таксама плацяць падатак на сваіх гадаванцаў. За гэтыя грошы ўжо можна было хоць нешта ўладкаваць, каб быў у нас свой куток у двары. Я тэлефанавала неяк на “прамую лінію” па гэтым пытанні, але мне сказалі, што падаткі, якія я плачу, ідуць на ўборку за жывёламі. Але за сваімі сабакамі я ўсё прыбіраю сама”, – адзначае жанчына.

Такім чынам, магчыма, сама не чакаючы, узняла тэму расходвання падаткаў, якімі абкладаюцца ўладальнікі жывёл. Аднак гарадскія ўлады і камунальныя службы наўрацці адкажуць, чаму падаткі за сабак, якіх трымаюць гарадскія жыхары, не ідуць на “сабачыя” патрэбы.

Пакуль жа Вікторыі можна толькі параіць пашукаць найбліжэйшую да свайго дома пляцоўку для выгула сярод устаноўленых магілёўскімі мясцовымі ўладамі.

Фота: mogilev.media

← Усе навіны Магілёва