пісталет

Арсенал зброі і патронаў знайшлі ў жыхара Касцюковічаў

Жыхар Касцюковічаў стаў фігурантам крымінальнай справы пасля таго, як у яго ў вёсцы праваахоўнікі знайшлі пісталет, вінтоўку і патроны.

51-гадовы жыхар райцэнтра ўладкаваў своеасаблівы зброевы склад у гаражы сваіх бацькоў у адной з вёсак раёна. Там ён захоўваў два самаробныя ўзоры агнястрэльнай зброі і больш за сотню патронаў. Гісторыяй зацікавіліся міліцыянеры, якія канфіскавалі небяспечныя знаходкі і накіравалі іх на даследаванне ў Магілёўскае абласное ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Высветлілася, што адзін з прадметаў – сапраўдны агнястрэльны пісталет, хоць і самаробны. Гэта гладкаствольная адназарадная зброя, прыдатная для стральбы малакалібернымі патронамі калібру 5,6 міліметра з кальцавым узгараннем.

Другі прадмет некалі быў звычайнай спружынна-поршневай пнеўматычнай вінтоўкай. Аднак пасля самаробнай пераробкі яна таксама ператварылася ў агнястрэльную зброю, з якой, паводле экспертаў, можна страляць.

З патронамі сітуацыя аказалася крыху менш грознай, чым магло падацца па колькасці. З больш як сотні канфіскаваных толькі чатыры эксперты прызналі сапраўднымі боепрыпасамі да ручной агнястрэльнай зброі, прыдатнымі для стральбы. Астатнія прызначаліся для будаўніча-мантажных пісталетаў і да катэгорыі боепрыпасаў не адносяцца.

Гаспадар гаражнага арсенала патлумачыў паходжанне знаходак даволі проста. Паводле яго, патроны і пнеўматычную вінтоўку ён купіў, пасля чаго сам перарабіў вінтоўку. А вось самаробны пісталет нібыта выпадкова знайшоў у лесе і вырашыў забраць сабе. Такім чынам, адна частка арсенала, паводле версіі мужчыны, з’явілася дзякуючы яго ўласным намаганням, а другая ў выніку ўдалага паходу ў лес.

Тым не менш Касцюковіцкі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў у дачыненні да мужчыны крымінальную справу за незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй і боепрыпасамі.

Фотаздымак: sudexpert.gov.by

← Усе навіны Магілёва