Агінскі

Дзень у гісторыі. 15 кастрычніка. Грыгарыянскі каляндар. Дзень сельскіх жанчын. Дзень памяці Тадэвуша Касцюшкі, Міхала Клеафаса Агінскага

Міжнародны дзень сельскіх жанчын (International Day of Rural Women, з 2008 года).

Сельскія жанчыны забяспечваюць харчовую бяспеку сваіх абшчын, ствараюць патэнцыял процідзеяння змене клімату і ўмацоўваюць эканоміку.

Сельскія жанчыны складаюць больш за чвэрць насельніцтва зямнога шара, 10% насельніцтва Беларусі (у Беларусі 5 мільёнаў жанчын, 20,9% з іх жывуць на сяле).

У свае 78 гадоў вясковая жанчына-фермерка з Маларыты ўпраўляецца з  трактарам «Беларус»

Міжнародны дзень белага кійка (International White Cane Safety Day, з 1970 года)

Гэты дзень нагадвае грамадству аб існаванні побач людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, аб дапамозе і аб салідарнасці.

Зараз у свеце жывуць са слепатой або з той ці іншай формай парушэння зроку больш за 2,2 мільярды чалавек. З іх 65% – асобы ва ўзросце 50+ гадоў. Гэта ўзроставая група складае 20% насельніцтва Зямлі.

Сусветны дзень мыцця рук (Global Handwashing Day, з 2008 года).

Пандэмія COVID-19 пераканала зямлян, што гігіена рук – фундаментальны кампанент здароўя і развіцця.

3 мільярды жыхароў Зямлі, або 40% – не маюць магчымасці рэгулярна мыць рукі з вадой і мылам. Тры чвэрці тых, хто не мае доступу да вады і мыла, жывуць у самых бедных краінах свету, або ў лагерах мігрантаў і бежанцаў, раёнах актыўных канфліктаў.

1582 год. Папа Рымскі Рыгор XIII ўводзіць грыгарыянскі каляндар.

Жыхары большасці еўрапейскіх краін ляглі спаць у чацвер 4 кастрычніка, а прачнуліся на наступны дзень – у пятніцу 15 кастрычніка.

Рыгор XIII замяніў старую сістэму лічэння паводле юліянскага календара на новую і ліквідаваў назапашанную розніцу ў 10 дзён.

Пры далучэнні зямель Вялікага княства да Расійскай імперыі, насельніцтва зноў вярнулася да традыцыі юльянскага календара. А новае летазлічэнне ў Савецкай Расіі з’явілася толькі ў 1918 годзе, калі 1 лютага так і не наступіла, а адразу пачаўся новы дзень 14 лютага.

1817 год. У швейцарскім Золатурне памёр Тадэвуш Касцюшка. 

Лідар нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай. Удзельнік вайны за незалежнасць ЗША. Ганаровы грамадзянін Францыі.

Адзін з першых афіцэраў-іншаземцаў, які атрымаў з рук Дж. Вашынгтана ордэн Цынцынаці.

У 1818 годзе яго цела было перавезена ў Кракаў, у 1819 змешчана ў склеп у Саборы Святых Станіслава і Вацлава, пантэоне польскіх каралёў і нацыянальных герояў.

Унутраныя органы былі асобна пахаваныя на могілках каля Золатурна, а сэрца ў 1927 годзе было перавезена ў капліцу варшаўскага Каралеўскага палаца.

Памяць пра Тадэвуша Касцюшку захоўваецца ў легендах, паданнях і песнях беларусаў.

У гонар Касцюшкі названы самая высокая гара ў Аўстраліі, востраў каля Аляскі, акруга штата Індыяна, горад ў ЗША, тысячы вуліц, плошчаў і іншыя аб’екты ў шматлікіх гарадах Польшчы, ЗША, Беларусі, Швейцарыі, Францыі, Расіі, Украіны.

У Мерачоўшчыне дзейнічае сядзіба-музей.

12-13 кастрычніка 1943 года прыняла першы бой пад вёскай Леніна Горацкага раёна Першая пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі.

У пачатку 1990-х гадоў Вярхоўны Савет Беларусі разглядаў магчымасць заснавання ордэна імя Тадэвуша Касцюшкі.

1833 год. Памёр Міхал Клеафас Агінскі.

Вялікалітоўскі кампазітар, дыпламат, дзяржаўны дзеяч.

Адзін з лідараў паўстання Т. Касцюшкі, ганаровы член Віленскага ўніверсітэта, сенатар Расійскай імперыі.

Аўтар знакамітага “Паланэзу Агінскага” (“Развітанне з Радзімай”).

Аўтар 20 паланэзаў, шматлікіх  маршаў, вальсаў, мазурак, рамансаў, опер, 4-томных «Мемуараў пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 года»,  трактату «Лісты пра музыку».

Аўтар праекту (1811) пра аднаўленне Вялікага княства Літоўскага, які быў адхілены царом Аляксандрам ІІ.

У яго маёнтку Залессе створаны «Музей-сядзіба М. К. Агінскага».

У Маладзечне імя кампазітара носіць музычны каледж, там жа ўстаноўлены помнік.

Род Агінскіх мае даўнія сувязі з Магілёвам, яго прадстаўнікі ўдзельнічалі ў пабудове Багаяўленскай царквы як мецэнаты.

1914 год. Нарадзіўся Лявон Случанін (Лявонцій Шпакоўскі).

Беларускі паэт. Працаваў выкладчыкам мовы і літаратуры ў Чэрыкаве.

Рэпрэсаваны ў 1937 і 1945 гадах. Вязень ГУЛАГу.

Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе.

Аўтар вершаў, гістарычных паэм «Рагнеда», «Ісус Хрыстос», аўтабіяграфічнага рамана ў вершах «Алесь Няміра».

Урывак з паэмы «Рагнеда» пэўны час быў уключаны ў школьную праграму.

Памёр ў 1995 годзе.

1936 год. Нарадзіўся Мікола Гіль (Мікалай Гілевіч). 

Беларускі пісьменнік, журналіст, перакладнік. Брат Ніла Гілевіча.

Працаваў у рэдакцыях «Родная прырода», «Маладосць», «Мастацтва», «Літаратура і мастацтва».

Ягонае заступніцтва падчас знаходжання на пасадзе намесніка галоўнага рэдактара дапамагло надрукаваць у «ЛіМе» артыкул Зянона Пазняка «Курапаты – дарога смерці».

Перакладаў на беларускую мову творы літоўскіх, венгерскіх, шведскіх пісьменнікаў, творы С. Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча», «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя смерцю» і «Чарнобыльская малітва».

Памёр 14 сакавіка 2022 года.

1944 год. Нарадзілася Таісія Доўнар.

Беларускі юрыст. Доктар юрыдычных навук, прафесар БДУ.

Брала ўдзел у падрыхтоўцы энцыклапедычных выданняў: «Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік», «Мысліцелі і асветнікі Беларусі», «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588», «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі».

Даследавала развіццё агульназемскага права Беларусі ў XV-XVI стагоддзях.

Яе працы ліквідуюць пэўны прабел у беларускай гісторыка-прававой навуцы.

1962 год. Нарадзіўся Сяргей Абламейка.

Беларускі гісторык, журналіст і пісьменнік. Доктар гістарычных навук.

Працаваў у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, Нацыянальным навукова-даследчым цэнтры імя Ф. Скарыны, на Радыё Свабода.

Ініцыятар аднаўлення Беларускай грэцка-каталіцкай царквы, першы кіраўнік грэцка-каталіцкай парафіяльнай супольнасці ў Мінску.

З 1995 году жыве ў Празе. Сябра Рады БНР.

Аўтар цыклаў гістарычных і культуралагічных перадач «Terra Incognita» і «Беларускія раздарожжы», аўтар перадачы «Сымбаль Веры» на Радыё Свабода.

Узнагароджаны Медалём да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

1978 год. Нарадзілася Вольга Фадзеева.

Беларуская і расійская актрыса.

Працавала тэатрах імя М. Горкага, Нацыянальным акадэмічным імя Янкі Купалы.

Здымалася ў фільме «Зорка Венера», у галоўнай ролі серыялу «Салдаты».

1987 год. У Ялізаве Асіповіцкага раёна нарадзіўся вясляр Андрэй Багдановіч

Спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ), заслужаны майстар спорту Беларусі, майстар спорту Беларусі міжнароднага класа, чэмпіён XXIX летніх Алімпійскіх гульняў (2008, Пекін), Ганаровы грамадзянін Бабруйска.

Андрэй Багдановіч Ялізава
1989 год. Памерла Вера Пола
.

Беларуская актрыса. Народная артыстка Беларусі. Прыма Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Выконвала ролі ў пастаноўках па творах Э. Самуйлёнка, Янкі Купалы, А. Маўзона і іншых.

За выкананне ролі Паўліны ў спектаклі Кандрата Крапівы «Спяваюць жаўрукі» атрымала Сталінскую прэмію.

Здымалася ў кіно (фільм «Несцерка»).

2000 год. У Парыжы на Манмартры адкрыта «Сцяна Кахання».

На плошчы 40 квадратных метраў на сінім фоне белымі літарамі на 311 мовах, уключаючы беларускую, напісана «Я кахаю цябе». Ёсць таксама надпісы, якія зроблены з выкарыстаннем шрыфта Брайля для сляпых і з дапамогай знакаў.

Штогод тут на Дзень Святога Валянціна закаханыя выпускаюць белых галубоў.

← Усе навіны Магілёва