71-гадовая жыхарка Бабруйска трэці раз за два гады аддала грошы інтэрнэт-махлярам. У сакавіку 2026 года яна ўбачыла ў інтэрнэце рэкламу заробку, паводле ўказанняў «аналітыка» зарэгістравалася на сайце, адкрыла асабісты кабінет і за некалькі месяцаў перавяла на прадыктаваныя ёй рахункі больш за 12 тысяч рублёў.
Кабінет паказваў абяцаны прыбытак, вывесці яго не атрымалася. Жанчына пайшла ў банк даведацца, як быць далей, і там ёй параілі неадкладна звярнуцца ў міліцыю. Першы раз пенсіянерка страціла амаль 2 тысячы рублёў у 2024 годзе. Ужо тады праваахоўнікі не раз тлумачылі ёй, як дзейнічаюць махляры.
Але ў студзені 2025 года яна зноў адгукнулася на рэкламу заробку, а калі для «гандлю на біржы» не хапіла зберажэнняў, паводле парады псеўдааналітыка прадала адну са сваіх кватэр і перавяла грошы на ўказаныя рахункі.
Шкода тады перавысіла 132 тысячы рублёў.
У Следчым камітэце тлумачаць яе ўразлівасць адзінотай: пенсіянерка жыве адна, яе сын у Расіі, а недахоп зносін і жаданне забяспечыць сябе зрабілі яе лёгкай мішэнню для псіхалагічных маніпуляцый. Па новым эпізодзе распачата крымінальная справа аб махлярстве ў буйным памеры, датычных асоб высвятляюць. Усяго за тры эпізоды жанчына пазбавілася больш як 146 тысяч рублёў.
Фота ілюстрацыйнага характару.
