Беларускія дабраахвотнікі прынялі ўдзел у контрнаступалтнай аперацыі УСУ, падчас якой быў ліквідаваны расійскі найміт з Магілёва, 36-гадовы Раман Кандраценка.
Магілёвец пайшоў забіваць украінцаў, верагодна, напачатку красавіка 2026 года, мяркуе у сваім тэлеграм-канале былы палітвязень Кім Самусенка. Перад гэтым, у верасні 2025 года яго сталі шукаць як зніклага. У картачцы пошукава-ратаўнічага атрада “Фенікс” было пазначана, што ў студзені мінулага года Кандраценка знаходзіўся ў Цвярской вобласці Расіі. Аказалася, што ён наняўся ў расійскае акупацыйнае войска. Магчыма, гэта адбылося пасля затрымання, мяркуе былы палітвязень.
“На жаль, гэта класычная гісторыя для маргіналаў з сінім пашпартам: шабашка на маскалёў – арышт – кантракт з войскам ворага – чорны пакет”, – падагульняе Кім Самусенка.
У контрнаступальнай аперацыі “Вівальдзі”, якую на тэрыторыі Данецкай вобласці праводзілі ўкраінскія войскі, удзельнічалі беларускія дабраахвотнікі, найперш байцы Беларускага добраахвотніцкага корпуса (БДК). БДК дзейнічаў у складзе разведвальнага батальёна HATRED (3‑я штурмавая брыгада) у якасці разведвальнай пяхотнай роты. Частка добраахвотнікаў таксама выконвала іншыя спецыяльныя задачы.
Падраздзяленне беларусаў ўзяло 20 палонных і знішчыла больш за сто расійскіх акупантаў. Беларускія добраахвотнікі ўдзельнічалі ў аперацыях у раёне населеных пунктаў Рэдкадуб, Новае, Ліпавае, Кацярынаўка і Зялёная Даліна, а таксама ў лесапалосах каля Калодзезяў, Іванаўкі і Новалюбаўкі.
Фотаздымак: ТГ KIM SAMUSENKA
