студэнты

Студэнты МДУ імя Куляшова два месяцы збіраюць моркву замест заняткаў

Замест наведвання лекцый і семінараў студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта корпаюцца на палях, збіраючы гародніну.

Буракі, морква, цыбуля – вось што збіраюць на палях ААТ “Фірма “Кадзіна” студэнты ўніверсітэта па заданні, якое дало ім кіраўніцтва вну. “Студэнты аказваюць пасільную дапамогу падшэфнаму прадпрыемству. Яны ўжо выдатна папрацавалі на ўборцы морквы, цыбулі і буракоў. Наперадзе яшчэ шмат працы, але я ўпэўнены: нашы студэнты не падвядуць”, – наіўна радуецца рэктар МДУ імя А.А. Куляшова Юрый Машын.

“Не падводзяць” студэнты ўжо другі месяц запар. Нават у савецкія часы навучэнцаў у калгас часцей за ўсё адпраўлялі на месяц. Але, відаць, справы ў сучаснай сельскай гаспадарцы Магілёўшчына ідуць горш чым некалькі дзесяцігоддзяў таму. Таму і вымушаны бяспраўныя студэнты пад наглядам сваіх выкладчыкаў глытаць пыл на палях пад няшчырыя расхвальванні ад універсітэцкага і кадзінскага начальства.

Адраджэнне савецкай практыкі выездаў у калгас не можа не адбіцца негатыўна на ведах навучэнцаў. Машын і тыя, хто надзірае за студэнтамі, гэта выдатна ведаюць, але нічога на гэты конт не скажуць, бо з’яўляюцца такімі ж беспраўнымі як і іх навучэнцы. Таму і транслююць абсалютную хлусню пра нейкую агульную справу.

“Для маладых людзей гэта не працоўная павіннасць, а магчымасць адчуць сябе часткай вялікай агульнай справы – забеспячэння харчовай бяспекі рэгіёна”, – сцвярджаюць ідэолагі, забываючы распавесці, а дзе падзеліся тыя, за каго працуюць студэнты.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва