хлопчык сейф

У Магілёве махляры прымусілі 11-гадовага хлопчыка ўзламаць бацькоўскі сейф

У Магілёве 11-гадовы школьнік некалькі гадзін спрабаваў адкрыць бацькоўскі сейф, выконваючы ўказанні махляра па відэасувязі. У выніку злачынцы атрымалі 7,5 тысячы долараў, якія бацька дзіцяці збіраў на аўтамабіль.

Як паведамілі ў Следчым камітэце, усё адбылося 12 верасня. Хлопчыку патэлефанаваў у месенджары незнаёмец, які назваўся супрацоўнікам СК.

Суразмоўца стаў распытваць, ці захоўваюць бацькі дома грошы, якія нібыта трэба было «праверыць». Спачатку дзіця адмовілася нешта расказваць. Тады на хлопчыка пачалі ціснуць: яму пагражалі, што бацькоў пасадзяць, а яго самога адправяць у дзіцячы дом.

Спалоханы школьнік расказаў, што дома ёсць два сейфы, але кодаў ад іх ён не ведае. Пасля гэтага махляр уключыў відэасувязь і стаў у рэжыме рэальнага часу тлумачыць дзіцяці, як можна адкрыць замкі.

Першы сейф удалося ўзламаць даволі хутка, аднак там аказаліся толькі манеты. Яны злачынцу не зацікавілі. З другім сейфам хлопчык правёў некалькі гадзін. У ім ляжалі 7,5 тысячы долараў — гэтыя грошы яго бацька адкладваў на набыццё машыны.

Па ўказанні махляроў школьнік перадаў грошы 20-гадовай дзяўчыне-кур’еру. Яна адвезла іх у Мінскі раён і пакінула ў тайніку.

Бацькам хлопчык пра здарэнне не расказаў. Пра знікненне зберажэнняў бацька даведаўся толькі праз два дні, калі сабраўся ехаць па аўтамабіль.

Падчас расследавання высветлілася яшчэ адна дэталь: дзяўчына, якая забрала грошы, паводле версіі следства, таксама трапіла пад уплыў махляроў. Ёй паведамілі, што з ёй нібыта працуюць супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Дзяўчына пісала заяву і выконвала атрыманыя заданні, не ўсведамляючы, што ўдзельнічае ў злачыннай схеме.

Следчыя распачалі крымінальную справу і цяпер устанаўліваюць усіх датычных да махлярства.

← Усе навіны Магілёва