Абласны Камітэт дзяржкантролю праверыў, як райвыканкамы, раённыя адміністрацыі і арганізацыі Магілёўскай вобласці працуюць са зваротамі грамадзян. За парушэнні закона аб зваротах да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі 14 службовых асоб.
Самы паказальны прыклад – Крычаў. Жыхары дамоў на вуліцы Сіроцініна (на здымку) калектыўна паскардзіліся, што на вуліцы няма асвятлення і пара рамантаваць дарогу. На адказ закон дае месяц, у Крычаўскім райвыканкаме зварот разглядалі больш за два.
У Слаўгарадскім райвыканкаме больш за месяц разбіраліся з прапановай індывідуальнага прадпрымальніка змяніць расклад міжгародніх аўтобусаў Слаўгарад – Магілёў.
Адначасова дзяржкантралёры выявілі выпадкі, калі мясцовыя ўлады ўвогуле не ўстанаўлівалі плату за дазволы раскопваць вуліцы, плошчы і двары – адпаведна, і не бралі яе.
Усяго за дзевяць месяцаў у абласны камітэт паступіла 538 зваротаў грамадзян і арганізацый, яшчэ 255 паведамленняў прынялі гарачыя лініі.
Сярод вырашаных пытанняў ведамства пералічвае тое, што ў нармальным горадзе робіцца без кантралёраў: у Магілёве адрамантавалі стыкі сценавых панэляў у доме на вуліцы Маўчанскага, зрабілі штучныя няроўнасці каля сярэдняй школы № 9, паправілі лесвіцу з праспекта Міру на вуліцу Катоўскага і ліквідавалі прычыну падтаплення падвала каналізацыйнымі сцёкамі на вуліцы Будаўнікоў.
Выходзіць, у адной і той жа вобласці жыхары месяцамі чакаюць адказу на просьбу адрамантаваць дарогу, а тым, хто гэтыя дарогі раскопвае, дазвол дастаецца бясплатна.
