Кубраков

Кубракоў шукае кемлівых тылавікоў. З магілёўскага тылу такія сышлі яшчэ ў 2019-м – адзін за мяжу, другі ў невядомым кірунку

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на нарадзе з камандзірамі ўнутраных войскаў запатрабаваў больш уважліва прызначаць людзей на тылавое забеспячэнне. Паводле яго слоў, гэта павінны быць тыя, хто думае, правільна размяркоўвае рэсурсы і праяўляе кемлівасць, а не адказвае бяздумным «так, ёсць, выканана».

Падставай стала праверка 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады: праблемы там, паводле прызнання самога міністра, знайшліся ад кадравых да тылавых.

Міліцэйскі тыл добра знаёмы і роднай вобласці міністра – Кубракоў родам з Касцюковіцкага раёна.

Увесну 2019 года з тылавой сістэмы магілёўскай міліцыі амаль адначасова сышлі двое.

У сакавіку не выйшаў на працу Сяргей Максімаў – палкоўнік міліцыі ў запасе, начальнік медыцынскай службы Дэпартамента фінансаў і тылу МУС па Магілёўскай вобласці і «дэпутат» гарсавета, член яго камісіі па фінансах, мясцовым бюджэце і прыватызацыі.

У кабінеце засталіся рапарт аб звальненні, ключы і пасведчанне, а сам ён, паводле чутак, паляцеў праз Вільню ў ЗША ці Ізраіль. 

Ва УУС ад каментароў адмовіліся, а праз месяц МУС усё яшчэ трымала яго на сваім сайце на ранейшай пасадзе. Да міліцыі Максімаў кіраваў паліклінікай КДБ і Быхаўскай раённай бальніцай.

Калегі-медыкі тады расказвалі журналістам, што ва ўстановах Максімава вось-вось павінна была пачацца комплексная праверка, і не выключалі «шэрых схем» у платных паслугах, якія ён актыўна прасоўваў.

Тады ж, як вядома рэдакцыі, з Магілёва знік другі тылавік магілёўскай міліцыі. Таксама «дэпутат», таксама палкоўнік у запасе і таксама з быхаўскім следам: ён родам з Быхава. Дзе ён цяпер, невядома дагэтуль.

Тыл – гэта грошы, склады і закупкі. З такой службы не сыходзяць употай, пакінуўшы на стале пасведчанне, каб за мяжой нюхаць ружы.

Міністр, які сёння патрабуе ад тылавікоў кемлівасці і ўмення размяркоўваць рэсурсы, мог бы для пачатку растлумачыць, якую кемлівасць праявілі гэтыя двое – і што там з рэсурсамі, якія яны размяркоўвалі.

Фота БелТА.

← Усе навіны Магілёва