аграгаспадарка

На Магілёўшчыне аграгаспадарка месяц не плаціла 205 работнікам. Штраф дырэктару меншы за адзін іх заробак

У Мсціслаўскім раёне адно з прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу не выплаціла 205 работнікам заробак за адзін з месяцаў гэтага года. Запазычанасць, паводле даных пракуратуры Магілёўскай вобласці, перавысіла 288 тысяч рублёў. Назву гаспадаркі і прозвішча кіраўніка пракуратура не прыводзіць.

Пасля прадпісання раённай пракуратуры грошы людзям пералічылі ў поўным аб’ёме, а кіраўніка аштрафавалі на 30 базавых велічынь. Пры базавай велічыні 45 рублёў гэта 1350 рублёў.

У сярэднім на кожнага работніка прыпала каля 1400 рублёў запазычанасці. Выходзіць, штраф дырэктару аказаўся меншы, чым ён завінаваціўся за месяц аднаму свайму работніку.

Мсціслаўскі раён сёлета не першы.

У сакавіку адна з сельгасарганізацый Быхаўскага раёна завінавацілася 94 работнікам больш за 104 тысячы рублёў заробку.

Пакінуць дзвесце чалавек на месяц без грошай дырэктару абышлося танней, чым заплаціць аднаму з іх.

Выява ілюстрацыйнага характару.

← Усе навіны Магілёва