Блат, кумаўство і кватэра для трайнят: што магілёўцы напісалі пад відэа пра Веру Багайчук

Пад нашым відэа пра намесніцу старшыні Магілёўскага гарвыканкама Веру Багайчук за суткі назбіралася цэлая стужка каментароў. Маці з Быхава, чый сын тры гады ездзіць на гемадыяліз у абласную бальніцу, Багайчук на прыёме назвала фартунай арэндную кватэру ў Магілёве – «у пэўнай ступені».

Часцей за ўсё гледачы пішуць пра блат, але гавораць пра гэта па-рознаму:

  • «кумаўство» – адным словам, без тлумачэнняў;
  • шмат арэндных кватэр пустуе, але без знаёмстваў іх не атрымаць: мэраў мяняюць, а ўсё застаецца як было;
  • у Магілёве «ніколі нельга нічога дамагчыся», а законы Лукашэнкі тут ніхто не выконвае;
  • кватэру ў Мінску без чаргі далі дзяўчыне, якая нарадзіла трайнят;
  • самой чыноўніцы калі-небудзь давядзецца апынуцца ў становішчы прасіцелькі;
  • ёй бы на сваім месцы ўтрымацца, а дапамагаць яна стане толькі па камандзе зверху.

Амаль у кожным каментары адна думка: кватэру ў Магілёве даюць не паводле закона, а па знаёмстве.

кватэра

Каментатар, які напісаў пра кумаўство, трапіў у самую кропку: Багайчукі ў гарадской вертыкалі – цэлая сям’я.

Адміністрацыю Ленінскага раёна Магілёва ў 2019–2024 гадах узначальваў Аляксей Багайчук (на фота ў цэнтры). А ў камунальным унітарным прадпрыемстве «Могилевзеленстрой» намесніцай дырэктара па ідэалагічнай рабоце, кадрах і сацыяльных пытаннях працуе Марціна Багайчук (на фота злева) – як і Вера Уладзіміраўна (на фота справа) да гарвыканкама, ідэолаг. Улетку яна расказвала БелТА пра травяных ільвоў, якіх прадпрыемства расставіла па горадзе: малыя іх чапаюць і хочуць залезці на спіну.

Пустыя арэндныя кватэры ў вобласці сапраўды ёсць, толькі не там, дзе іх чакаюць.

На пачатку 2024 года, паводле даных аблвыканкама, незаселенымі лічыліся 2736 арэндных кватэр, і 80 працэнтаў з іх пуставалі больш за год. Размяркоўваліся яны так:

  • у Магілёве – усяго 17;
  • у Бабруйску – 125;
  • у раёнах – 2133, і адны з іх патрабуюць рамонту, другія стаяць у аддаленых вёсках, трэція непрыдатныя для жыцця.

Пустуюць кватэры там, дзе жыць ніхто не хоча, а ў гарадах чарга.

У верасні намеснік міністра архітэктуры Аляксандр Шваянаў назваў Магілёўскую вобласць лідарам краіны па будаўніцтве арэнднага жылля за паўгоддзе і там жа сказаў, што на адну арэндную кватэру ў Магілёўскай вобласці і Мінску прэтэндуюць ад 39 да 60 чалавек.

Каму дастаюцца ключы, відаць з навін. 27 кастрычніка арэндныя кватэры ў вобласці атрымалі супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС – адразу 29 чалавек. Маці з Быхава, якая даглядае сына на дапамогу ў 530 рублёў, у гарвыканкаме прапанавалі спадзявацца на фартуну.

Фота з адкрытых крыніц.

← Усе навіны Магілёва