Бусел

Бабруйская сям’я ўзяла на зіму бусла ў кватэру

Бусла, які не паляцеў у вырай, прытуліла на зіму ў сваёй гарадской кватэры бабруская сям’я.

Кароткае відэа з буслом, які стаіць на канапе ў пакоі, з’явілася ў шматлікіх сацсетках. Гэта ўсё выклікала спрэчкі ў карыстальнікаў. Адны лічаць, што птушку выратавалі, іншыя сумняваюцца, што ёй пагражала небяспека. «Калі ён не паляцеў, то ўжо адзін не паляціць… І што яго чакае зімой… Гібель. Дзякуй добрым людзям”, – напісалі ў каментарах прыхільнікі выратавання птушкі.

Іншыя запярэчылі, што на вуліцы яшчэ плюсавая тэмпература. Адзін з каментатараў назваў бусла “цеплакроўным дыназаўрам” і раскрытыкаваў рашэнне пасяліць яго ў цёплай кватэры. 

Карыстальнікі спрачаліся, ці могуць буслы прыстасавацца да халадоў і знайсці сабе ежу. Некаторыя запэўнівалі, што птушкі здольныя адаптавацца, іншыя асцерагаліся, што пакінуты без зімоўкі бусел загіне. Адна з удзельніц абмеркавання адзначыла, што ў Бабруйску няма заапарка, але ёсць школа юнага натураліста з дарослым паркам. Пры гэтым сама яна не стала б забіраць птушку дадому.

“А ці змогуць пракарміць???? Гэта не курыца, камбікорм ён ёсці не будзе. Мяса яму трэба”, – задаецца пытаннем адзін ў карыстальнікаў. “Рыбку паесць”, – адказвае яму другі.

Раней паведамлялася, што некаторыя буслы не паляцелі ў вырай, а засталіся ў Беларусі, у прыватнасці, у тым жа Бабруйску. Іх заўважалі на вуліцах горада і побач з пешаходнымі пераходамі.

Скрыншот: Інстаграм @by_za_mkadom

← Усе навіны Магілёва