Лукашэнка

«Курорт» у спісе парушальнікаў: КДК назваў шклоўскія гаспадаркі, куды ў лістападзе прыязджаў Лукашэнка

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці, правяраючы зімоўку жывёлы, знайшоў парушэнні у 23 сельгасарганізацыях з 24 абследаваных. Сярод гаспадарак, дзе не выконваліся тэхналагічныя рэгламенты і ветэрынарна-санітарныя правілы, названыя ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец» і ААТ «Гавяды-Агра» Шклоўскага раёна.

Абедзве гаспадаркі Лукашэнка асабіста аб’язджаў у пачатку лістапада.

Гатоўнасць да зімы перад гэтым апявалі на ўсіх узроўнях. У верасні вобласць датэрмінова ўвяла 44 прафілакторыі для цялят, і першая намесніца старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Вольга Мікалайчанка паабяцала, што гэтай зімой пад адкрытым небам не застанецца ніводнага цяляці.

Памочніца дзеда – інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец запэўніла, што задачы па «Гавяды-Агра» выканаюць беспярэчна да лістападаўскага візіту.

5 лістапада Лукашэнка прыехаў у «Гарадзец». У маі акцыі гаспадаркі перадалі ў гаспадарчае вядзенне РУП «Магілёўаблгаз», праграма мадэрнізацыі на 2026-2027 гады ацэненая прыкладна ў 86,5 мільёна рублёў.

Агледзеўшы новую ферму на 800 галоў мясной жывёлы і рамонтныя майстэрні, састарэлы мудрэц сказаў: «Тут курорт».

Праз два дні ён правяраў «Гавяды-Агра», дзе ў верасні загадаў да 7 лістапада навесці поўны парадак на малочна-таварным комплексе.

Праз тры тыдні абедзве гаспадаркі апынуліся ў адным радку паведамлення КДК. Парушэнні, знойдзеныя па вобласці ў цэлым, кантралёры пералічваюць так:

  • неачышчаныя гноясховішчы і загоны;
  • дахі, вароты, сістэмы паення і кармушкі, якія патрабуюць рамонту;
  • невыкананыя схемы лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў;
  • неправедзеныя санітарныя дні і парушэнні заатэхнічнага ўліку.

Галоўнай прычынай КДК называе «чалавечы» фактар і недахоп зааветэрынарных кадраў.

Вінаватых службовых асоб у тысячны раз прыцягнулі да адказнасці.

Амаль слова ў слова гэты тэкст ужо гучаў у лістападзе 2025 года: тыя ж гноясховішчы, дахі і кармушкі, той жа «чалавечы» фактар, тыя ж пакараныя службовыя асобы.

У леташнім пераліку парушальнікаў таксама стаялі «АСБ-Агра Гарадзец» і «Любінічы-Агра».

За год паміж двума паведамленнямі «Гарадзец» атрымаў новага кіраўніка ў асобе «Магілёўаблгаза», праграму на 86,5 мільёна рублёў і пахвальную ацэнку «курорт».

Курорт Лукашэнку паказалі 5 лістапада. Камітэт дзяржаўнага кантролю апісаў яго тымі ж словамі, што і год таму. Курорта зноў не атрымалася.

Фота: БелТА.

← Усе навіны Магілёва