Талай Аляксей

Матывацыя ад санкцыйнага фонду: ва ўпраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама выступіў Аляксей Талай

У галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама правялі матывацыйную сустрэчу з паралімпійцам Аляксеем Талаем. Яго прадставілі як спартсмена, бізнесмена і заснавальніка дабрачыннага фонду дапамогі дзецям з інваліднасцю і дзецям-сіротам.

Гэты фонд з лютага 2024 года знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўрасаюза.

23 лютага 2024 года Савет ЕС увёў санкцыі супраць самога Талая і «Дабрачыннага фонду Аляксея Талая».

Падстава – удзел у перамяшчэнні дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь.

Паводле фармулёўкі ЕС, вывезеных дзяцей у фондзе прымушалі наведваць адукацыйныя праграмы, якія падтрымліваюць расійскую прапаганду і адмаўляюць права Украіны на дзяржаўнасць.

Саму схему апісалі журналісты БРЦ. Вясной 2023 года Талай папрасіў пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы дапамагчы арганізаваць прыезд дзяцей з так званых ДНР і ЛНР.

Гэтыя ваяжы аплачваюцца з бюджэтаў Расіі і Беларусі, а ў публікацыі самога фонду сказана, што дзяцей прывезлі пры падтрымцы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і асабіста яго старшыні Дзмітрыя Лукашэнкі.

Незаконнае перамяшчэнне дзяцей з акупаванай тэрыторыі – не жартачкі, а ваеннае злачынства.

Менавіта за яго ў сакавіку 2023 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Пуціна і Марыі Львовай-Бяловай.

Санкцыі супраць фонду Талая – рашэнне Савета ЕС і пакуль не прысуд суда, але ўведзеныя яны менавіта за ўдзел у такой схеме.

Органы юстыцыі ў Беларусі рэгіструюць фонды і грамадскія аб’яднанні і пільна сочаць за законнасцю іх працы.

У Магілёве калектыў такога органа выслухаў заснавальніка санкцыйнага фонду, які заклікаў «цаніць жыццё», і праводзіў яго апладысментамі.

Сын адной з супрацоўніц падарыў Талаю дзве карціны, адна з іх – напісаны алеем партрэт Мікалая II.

Спіс дасягненняў Талая, паводле слоў арганізатараў сустрэчы, можна працягваць бясконца.

Санкцыйны спіс таксама працягвае расці: акрамя Еўрасаюза, фонд унесены ў рэестр Украіны.

Фота: mogilevnews.by.

← Усе навіны Магілёва