Жыхары вёскі Вялікая Зімніца не захацелі працаваць бясплатна і ў сваёй большасці праігнаравалі заклік мясцовай улады прыбраць на могілках.
Пытанне стану могілак раней абмяркоўвалася на сельскім сходзе, дзе жыхары, як сцвярджае “Прысожскі край”, самі паднялі тэму неабходнасці ўпарадкавання тэрыторыі. Ініцыятыву падтрымаў старшыня сельвыканкама Міхаіл Белашоў. Пасля гэтага было арганізавана апавяшчэнне насельніцтва і прызначаны дзень работ.
Да суботніка далучыліся прадстаўнікі Слаўгарадскага лясніцтва і супрацоўнікі ЖКГ. Яны разам з нешматлікімі мясцовымі жыхарамі выконвалі асноўны аб’ём работ: высякалі параснік, прыбіралі аварыйныя дрэвы і наводзілі парадак на тэрыторыі.
Аднак, як адзначае раённая газета, на гэтым фоне асабліва прыкметнай стала абыякавасць большасці вяскоўцаў. Для населенага пункта з немалой колькасцю жыхароў такая яўка выглядае сімвалічнай. Удзел прынялі пераважна тыя, хто і без заклікаў лічыць догляд могілак асабістай справай.
Саромячы тых, хто не пажадаў працаваць бясплатна, раёнка, аднак, нічога не кажа аб тым, за кім насамрэч замацаваны могілкі і хто абавязаны ажыццяўляць догляд. Але за адказам далёка хадзіць не трэба – канкрэтныя магілы мусяць даглядаць сваякі памерлых, а ўсё астатняе – ЖКГ. Чаму апошняя не дае рады са сваімі абавязкамі, атрымліваючы грошы з бюджэта, які фармуецца за кошт у тым ліку падаткаў грамадзян, “Прысожскі край” таксама маўчыць.
Калісьці, у вельмі блізкім сэрцу цяперашняй улады ў Беларусі Савецкім Саюзе рэакцыяй насельніцтва на рознага кшталту заклікі ўлады да бясплатнай працы было ціхае іх ігнараванне альбо максімальна няякаснае выкананне. І гэта без гучных пратэстаў, выступленняў ці яшчэ нейкага заўважнага выказвання незадавальнення. Таму – што хацелі, тое і атрымалі.
Фотаздымак: Прысожскі край
