У слаўгарадскай “раёнцы” выйшаў бадзёры матэрыял: маўляў, трапіць да доктара прасцей простага, трэба толькі спампаваць праграму на тэлефон. Прапагандысты не ўдакладнілі адну дэталь: тое, што лічбавы кабінет пацыента працуе спраўна, яшчэ не азначае таго, што пацыент трапіць да лекара.
Так, статыстыка выглядае на паперы прыстойна. Афіцыйная ўкамплектаванасць дактарамі ў Магілёўскай вобласці ў 2024 годзе склала 97,4 працэнта.
Усё добра, нішто не прадвяшчае бяды.
Аднак за гэтай лічбай хаваецца іншая: амаль кожны пяты з 4338 лекараў рэгіёна ўжо пенсіянер, а недахоп участковых педыятраў і тэрапеўтаў прызнаны афіцыйна. І сам галоўны ўрач Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі публічна абазначыў вострую патрэбу ў педыятрах.
Жыхары Магілёўшчыны гэта адчуваюць без усялякай статыстыкі. Незадаволенасць вылілася ў адкрытую прастору ўжо ў 2026 годзе – тэлеграм-канал закрытай газеты “Вячэрні Магілёў”, аргументавана даказаў, што “будучыня” медыцыны вобласці на справе выглядае савецкім мінулым.
Раённыя газеты гэтага не заўважылі і рапартуюць пра поспехі.
Нагадаем, рэсурс mogilev.media зафіксаваў характэрны шаблон: абласныя ідэолагі спускаюць рэдакцыям адзіны фармат – падстаўце назву раёна, пералічыце дасягненні, і гатова.
Ну, а жыхары заўважаюць гэты разрыў самі: тая ж газета, што піша пра «новы ўзровень камфорту», чатырма месяцамі раней сумленна апісвала, як людзі не могуць трапіць да зубнога ўрача.
Што рэальна фарміруе чэргі ў паліклініках Магілёўшчыны, растлумачыць нескладана:
- тэрапеўты і педыятры закрываюць па паўтара ўчастка, таму што суседнія вакансіі не запоўненыя;
- вузкія спецыялісты ў раёнах ёсць далёка не ўсюды, і накіраванне да іх ператвараецца ў квэст;
- колькасць сярэдніх медработнікаў у Беларусі за 2024 год скарацілася на тысячу чалавек – ціха, без аб’яў;
- пенсіянеры трымаюць медыцыну на плаву, але гэта рэсурс мае свой канец.
У 2025 годзе заробкі дактароў у вобласці выраслі, стымулюючыя выплаты павялічаны на 45 працэнтаў. Гэта ўтрымае тых, хто ўжо працуе. Праблема ў тым, што медыцына старэе хутчэй, чым у яе прыходзіць моладзь.
Увогуле, электронны запіс, двухканальная лінія, мабільная праграма, чырвоная кнопка на сайце ЦРБ и формула “75 на 25” сведчаць пра тое, што інфраструктура запісу выбудаваная. Цяпер бы выбудаваць інфраструктуру самой медыцыны.
Фота раённай газеты “Прысожскі край”.
