Дзень маці

Дзень у гісторыі. 14 кастрычніка. Дзень маці. Пакроў Багародзіцы

Дзень маці (з 1996 года). 

Свята з’яўляецца данінай глыбокай павагі і пашаны да жанчыны-маці, працаўніцы і захавальніцы сямейнага ачага. 

Дзень дапамагае нам яшчэ мацней адчуць веліч і святасць самай важнай місіі жанчыны, звязанай з нараджэннем і выхаваннем дзяцей, усвядоміць яе ролю ў захаванні і ўзмацненні духоўных каштоўнасцяў, маральных ідэалаў у грамадстве і перш за ўсё сямейных.

Пакроў Прасвятой Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі. 

Галоўнае восеньскае свята, гісторыя якога ўзыходзіць да 910 года, калі ў адным з храмаў Іерусаліма падчас богаслужэння юродзівы Андрэй і яго вучань Епіфаній убачылі Багародзіцу, якая лунала ў паветры і распрасцерла над тымі, хто моліцца, сваё шырокае белае покрыва.

Пакроў – апякун вяселляў. 

У гэты дзень дзяўчаты моляцца і ставяць свечкі перад абразом Пакрова Багародзіцы ў царкве, імкнуцца правесці дзень весела, верачы, што “калі Пакроў весела правядзеш, сябрука мілага знайдзеш”.

Старыя кажуць: на Пакроў да абеду – восень, пасля – зіма.

1929 год. У вёсцы Віктараўка Бабруйскага раёна нарадзіўся Уладзімір Лемяшонак. 

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Працаваў выкладчыкам, галоўным рэдактарам Арганізацыйна-метадычнага цэнтра па выданні гісторыка-дакументальных хронік «Памяць».

Даследаваў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.

Адзін з аўтараў выданняў «Гісторыя Беларускай ССР», «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны».