шклов ик-17

Гісторыя з шклоўскай калоніі: збіццё за кубак кавы

Былы палітзняволены шклоўскай калоніі №17 паведаміў аб збіцці супрацоўнікамі адміністрацыі новапрыбылых вязняў за тое, што яны хацелі разам папіць кавы.

Інцыдэнт адбыўся 17 верасня ў так званы “Дзень народнага адзінства”. Як распавёў былы палітвязень Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, пры заездзе ў калонію зняволеным выдаваліся неабходныя рэчы, але кубкаў выдалі толькі некалькі, таму хапіла не ўсім. Каву прыйшлося рабіць у адным вялікім аднаразовым кубку. 

Ён успамінае, што за тым, як зняволеныя дзялілі каву, праз камеры ўважліва сачылі супрацоўнікі рэжымнага аддзела. Пры гэтым не толькі назіралі, але і падслухоўвалі размовы. Ідэя падзяліць напой з аднаго вялікага кубка ім здалася «занадта зручнай», бо хоць крыху палягчала жыццё ў цяжкіх умовах.

Нечакана з задняга ўваходу ў памяшканне ўварвалася каля дзесяці ахоўнікаў з дубінкамі. Яны пачалі крычаць, прымушалі вязняў станавіцца да сцяны на расцяжку і адначасова наносілі ўдары – білі дубінкамі і нават нагамі. Тыя, хто падаў ад болю, мусілі зноў падымацца.

Асабліва жорсткім быў начальнік рэжымнага аддзела Сяргей Карчэўскі: ён неаднаразова збіваў дубінкай вязняў, якія стаялі ў прымусовай позе, біў па нагах, прымушаючы шырэй расставіць. Часам біў нагамі, быццам па мячы ў футболе. Іншыя супрацоўнікі не заставаліся ўбаку і таксама ўдзельнічалі ў збіцці.

Паводле сведчання, пасля інцыдэнту аднаго вязня змясцілі ў ШІЗА, а другога адправілі ў шпіталь. Некаторыя з моцна пашкоджанымі нагамі некалькі дзён ледзь рухаліся, іншыя хадзілі з вялізнымі сінякамі па целе цягам тыдняў. Пры гэтым ахоўнікі не ўлічвалі ні хвароб, ні стан здароўя людзей, збіваючы ўсіх без разбору, нават там, дзе гэта магло быць асабліва небяспечна.

“Калі вы лічыце, што на гэтым усё скончылася, то не. – кажа палітвязень. – У якасці пакарання збітыя павінны былі зрабіць генеральную ўборку з вынасам амаль усёй мэблі і “пенай па калена”.

Ілюстрацыя: spring96.org