Першы год у польскай спрынтарскай зборнай быў напоўнены канфліктамі і псіхалагічным ціскам, кажа былая клімаўчанка Крысціна Ціманоўская, якая нядаўна стала чэмпіёнкай Польшчы.
Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская заваявала залаты медаль на чэмпіянаце Польшчы ў бегу на 100 метраў. У расповядзе “Белсату”, яна прызналася, што гэтая перамога была яе галоўнай мэтай пасля пераходу ў новы спартыўны дом. На дыстанцыі 200 метраў спартсменка не выступіла з-за хваробы, але поўная рашучасці дамагчыся поспеху і там: «Вярнулася з чэмпіянату задаволенай: паказала лепшы вынік сезона, нават нягледзячы на тое, што захварэла».
Аднак, шлях да прызнання быў няпросты. Ціманоўская прызналася, што яе з’яўленне ў зборнай Польшчы спачатку выклікала варожасць: яна заняла другое месца на чэмпіянаце краіны і выбіла іншую спартсменку з эстафеты, што выклікала напружанне ў камандзе. «Давялося два гады наладжваць адносіны – узгадвае яна – Спачатку мяне не прынялі, і псіхалагічна гэта быў вельмі цяжкі час».
Паваротным момантам стала змена трэнера. Па словах Ціманоўскай, пасля Алімпіяды ў Парыжы каманда калектыўна папрасіла звольніць спецыяліста, які «ўносіў разлад» і ствараў канфлікты. Федэрацыя пайшла насустрач, і ў зборнай усталявалася сяброўская атмасфера. «Цяпер мы адчуваем сябе адной камандай, падтрымліваем адна адну нават у асабістых забегах» – адзначыла бягуха.
Спартсменка параўнала гэта з досведам у Беларусі, дзе, па яе словах, на скаргі адносна трэніровак не звярталі ўвагі: «Мне казалі маўчаць і трэніравацца. Але як толькі я змяніла трэнера, адразу пачала паказваць лепшыя вынікі».
Цяпер Ціманоўская рыхтуецца да чампіянату свету па лёгкай атлетыцы, які стартуе 13 верасня ў Токіа. Паводле яе, зборная Польшчы мацнейшая, чым у мінулым годзе, калі заняла пятае месца ў Будапешце. Асаблівыя надзеі яна ўскладае на вяртанне ў каманду лідаркі Эвы Свабоды, якая доўгі час змагалася з траўмай.
Нагадаем, што ў 2021 годзе ўраджэнка Клімавічаў Крысціна Ціманоўская атрымала палітычны прытулак у Польшчы пасля спроб беларускіх чыноўнікаў гвалтоўна вярнуць яе з Алімпіяды ў Токіа. Сёння яна ўжо выступае пад сцягам Польшчы, мае польскае грамадзянства і будуе новую спартыўную кар’еру.
Скрыншот: Белсат
 
			