Былая начальніца медчасці калоніі №2 у Бабруйску Дар’я Ласкаўнёва, якая «найперш афіцэр, а потым ужо медык», узначаліла медчасць у новым СІЗА пад Мінскам.
Пра тое, што Ласкаўнёва займела новую пасаду, выданню “DW Беларусь” паведаміў былы палітвязень Мікола Дзядок. Ён яшчэ да вызвалення знаходзіўся ў гэтым СІЗА ў Калядзічах.
“Асабіста я не магу на Ласкаўнёву паскардзіцца, за час зняволення я бачыў супрацоўнікаў значна горш. – распавёў ён – Медыцыну ў СІЗА можна апісаць так: сімптаматычную дапамогу акажуць, але сур’ёзна вырашаць твае праблемы не будуць, імкнуцца хутчэй проста ад цябе пазбавіцца”.
Па словах Дзядка, медперсаналу ў СІЗА не хапае, супрацоўнікі “зашываюцца” і не паспяваюць усім дапамагчы.
У верасні стала вядома, што Ласкаўнёву звольнілі з бабруйскай калоніі.
Раней экс-палітвязень Аляксей Галоўкін, які мае інваліднасць II групы, у інтэрв’ю «Люстэрку» называў Ласкаўнёву «садысткай» і распавёў, што яна адпраўляла хворых зняволеных на працу. Экс-палітвязень, блогер Вадзім Ярмашук лічыў, што па віне Ласкаўнёвай у яго не было своечасова дыягнаставана анкалагічнае захворванне, на яго скаргі на здароўе начальніца медчасці адказвала: «Вы не ў санаторыі, ведалі, куды ідзяце».
Паводле звестак BELPOL, Ласкаўнева – ураджэнка Мурманскай вобласці Расеі, з 2009 года ў яе ёсць грамадзянства Беларусі. У бабруйскай калоніі працавала з 2010 года, ад лекара-тэрапеўта даслужылася да начальніцы медчасці, там жа лекарам працаваў яе муж.
Фотаздымак: “Наша ніва”
 
			