Сустрэча кіраўніцтва Быхаўскага райвыканкама з маладымі спецыялістамі, накіраванымі на адпрацоўку, прайшла ў царкве. Дзяўчаты былі вымушаныя апрануць хусткі, пра рэлігійныя погляды маладых людзей, відаць, не пыталіся.

Традыцыйную сустрэчу мясцовай адміністрацыі з маладымі спецыялістамі прысвяцілі тэме сямейных каштоўнасцяў. “Падчас сустрэчы моладзь атрымала ўнікальную магчымасць абмеркаваць важныя жыццёвыя пытанні з кіраўніком раёна” – каментуе сустрэчу газета “Маяк Прыдняпроўя”. Гледзячы па фотаздымках сустрэчы, гэтай унікальнай магчымасцю маладыя спецыялісты не карысталіся – увесь час яны сядзелі моўчкі.

Звычайна падобныя сустрэчы з главамі раёнаў маюць на мэце распалажыць маладых спецыялістаў да таго, каб застацца пасля абавязковай адпрацоўкі. Гледзячы па рашэнні старшыні Быхаўскага райвыканкама правесці гэтае спатканне ў царкве, акрамя дапамогі вышэйшых сілаў, разлічваць асабліва ні на што не прыходзіцца.

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”
 
			