1635 год. Нарадзіўся Міхал Казімір Радзівіл.
Дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага.
Стольнік, крайчы і падчашы вялікі літоўскі, кашталян і ваявода віленскі, падканцлер вялікі літоўскі і гетман польны літоўскі.
Шчыры каталік. Фундатар навукоўцаў.
Падчас шведскіх войнаў адважна бараніў край, праявіў сябе ў бітвах за вызваленне захопленых маскоўскімі войскамі тэрыторый у вайну 1654-1667 гадоў.
Удзельнік Хоцінскай бітвы (1673).
Быў старостам многіх месцаў, у тым ліку крычаўскім, прапойскім.

1880 год. Нарадзіўся Дзмітрый Карбышаў.
Фартыфікатар, найбуйнейшы вучоны – ваенны інжынер, генерал-лейтэнант. Доктар ваенных навук, прафесар Акадэміі Генштаба. Герой Савецкага Саюза.
Сураспрацоўшчык і рэалізатар праекта будаўніцтва другога кальца абарончых умацаванняў Брэсцкай крэпасці (1913), рэканструкцыі яе цытадэлі (1939), праектант абарончых збудаванняў уздоўж заходняй мяжы – “лініі Сталіна”.
8 жніўня 1941 года каля ракі Дняпро каля в. Дабрэйка Шклоўскага раёна ў непрытомным стане быў захоплены ў палон.
18 лютага 1945 года ў Маўтгаўзене 500 палонных разам з Карбышавым на марозе аблівалі халоднай вадой, пасля чаго 64-гадовы генерал не выжыў.

1901 год. Нарадзіўся Дзмітрый Маўчанскі, партызанскі камандзір.
Нарадзіўся ў вёсцы Рагатка Барысаўскага раёна. У гады Другой Сусветнай вайны – сакратар Магілёўскага падпольнага абкама партыі і кіраўнік Магілёўскага партызанскага злучэння. Яго імя носіць адна з вуліц абласнога цэнтра, ёсць мемарыяльная дошка.

1917 год. 26 кастрычніка па старым стылі ў магілёўскай Стаўцы адбылася першая рэакцыя на контррэвалюцыйны пераварот бальшавікоў і падзенне Часовага ўрада ў Петраградзе.
Пра падзенне і арышт Часовага ўрада магілёўцы даведаліся з газет 26-га кастрычніка. У горадзе ў гэты дзень адбылася надзвычайная нарада прадстаўнікоў нацыянальных, грамадскіх і палітычных арганізацый. У той жа дзень галоўнакамандуючы генерал Мікалай Духонін разам з камісарам Станкевічам заявілі пра непадпарадкаванне новаму бальшавіцкаму ўраду.
 
 
 
			