Пафарбаваць у зялёны колер вадаправодную ваду абяцаюць 27 кастрычніка 2025 года камунальнікі ў Бабруйску. Так яны спрабуюць знайсці працяканні.
Паводле бабруйскага філіяла “Магілёўэнерга”, 27 кастрычніка для адшукання несанкцыянаваных уцечак сеткавай вады з трубаправодаў цеплатрас і вызначэння шчыльнасці падагравальнікаў гарачага водазабеспячэння ў ваду будзе дададзены спецыяльны фарбавальнік – парашок дынатрыевая соль флуорэсцэіна (Уранін А).
“Прынцып выяўлення заключаецца ў візуальным выяўленні вады, афарбаванай у зялёны колер”, – гаворыцца ў паведамленні на сайце Бабруйскага гарвыканкама. Там жа адзначаецца, што гэтае рэчыва бяспечнае па гігіенічных патрабаваннях і не ўяўляе небяспекі для людзей.
Жыхароў просяць паведамляць камунальнікам пры адшуканні працяканняў зялёнай вады з сістэмы гарачага і халоднага водазабеспячэння.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
 
			